Пратэстоўку ў вясельнай сукенцы аштрафавалі больш як на 2 тысячы рублёў

Іна Зайцава

18 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Менску зноў разглядаў справу Іны Зайцавай, таксама вядомай як «бел-чырвона-белая нявеста».

Працэс пачаўся 14 студзеня, Іну Зайцаву абвінавачвалі паводле ч. 1 і ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаваньне супрацоўніку праваахоўных органаў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадзяюся вярнуцца». «Бел-чырвона-белая нявеста» расказала пра свой ад’езд зь Беларусі

Іна Зайцава пакінула Беларусь яшчэ пры канцы мінулага году, на судзе была яе адвакатка. Судзьдзя Аляксандар Рудэнка прыняў рашэньне аштрафаваць жанчыну за фатаграфіі з маршаў па двух пратаколах агулам на 2030 рублёў (70 базавых велічынь).

Як адзначаюць валянтэры «Вясны», пратаколы на Іну Зайцаву складзеныя на падставе маніторынгу публікацый зь яе ўдзелам у сацсетках, а таксама навінаў на парталах Tut.by і Onliner.by.

Бел-чырвона-белая нявеста. Мастачка Людміла Шчамялёва

Яе вінаватасьць даказвалася скрыншотамі публікацый і відэа з маршаў у СМІ.

Летась у лістападзе Іну Зайцаву аштрафавалі на 675 рублёў і канфіскавалі славутую сукенку.