Сьцісла
- Гэта быў учынак практычна як у Жанны ДʼАрк — устаць на гэтае вогнішча, куды вельмі актыўна падкідаюць дровы ўсе навакольныя, гарэць і ўсё роўна не пайсьці супраць сваіх перакананьняў.
- У параўнаньні з Марыяй гасьне знакамітая Юлія Цімашэнка. У Цімашэнкі быў зарад выключна на ўладу, а ў Машы — на ўнутраную свабоду, на абʼяднаньне, на негвалтоўнасьць.
- Вяртаньне Аляксея Навальнага і ўчынак Марыі Калесьнікавай — унікальныя, сьмелыя ўчынкі дваіх моцных палітыкаў. Марыя ў мяне выклікае нават большую пашану.
- Калі Маша разарвала свой пашпарт, яна рэзка зьнікла з інфармацыйнага поля Расеі. Пра Аляксея паўсюль працягваюць гаварыць, і ў Беларусі таксама. А Машу пасадзілі, і ў нас цішыня наступіла.
- Спадзяюся, што Аляксей калі-небудзь з Машай сустрэнецца. Спадзяюся, што надышоў час новых палітыкаў. Гэта людзі, якія нічога не баяцца.
- Сьвятлана Ціханоўская — унікальны лідэр, яна маці сусьвету. У яе мацярынскі пачатак, ёй верыш, хочацца яе падтрымліваць. Абсалютна неагрэсіўная і пры гэтым вельмі моцная.
Пра ліст генпракурору Беларусі ў падтрымку Калесьнікавай
У той мэтавай групе, дзе я кантактую, тэма Беларусі гучыць увесь час. Мы вамі вельмі захапляемся і лічым велізарным прыкладам. Беларускі рух за свабоду выбару і за павагу да сваіх правоў аказаўся нашмат больш зьяднаным і моцным, чым было ў нас у 2011–2012 гадах. Чаму Марыя? Таму што гэта вельмі яркі ўчынак — ня зьехаць, разарваць свой пашпарт, паслаць да чорта ўсю гэтую сыстэму, усе пагрозы. Гэта быў учынак практычна як у Жанны ДʼАрк — устаць на гэтае вогнішча, куды вельмі актыўна падкідаюць дровы ўсе навакольныя, гарэць у гэтым агні і ўсё роўна не пайсьці супраць сваіх перакананьняў. Такой яркай лідэркі я даўно не сустракала.
На мой погляд, у параўнаньні з Марыяй гасьне славутая Юлія Цімашэнка. У Цімашэнкі быў зарад выключна на ўладу, а ў Машы абсалютна іншы пасыл — на ўнутраную свабоду, на абʼяднаньне, на негвалтоўнасьць. Мы ўсе вельмі актыўна Машу падтрымліваем, думаем, што можна зрабіць з нашага боку, што ў нашых сілах, каб усе палітычныя зьняволеныя ў Беларусі адчувалі, што яны не адны, што людзі ў Расеі, якія змагаюцца за правы чалавека, іх вельмі падтрымліваюць. Нам вельмі важна, каб палітзьняволеныя жанчыны і асабліва Марыя Калесьнікава ведалі, што яны для нас проста на пʼедэстале, і мы гатовыя за іх змагацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд пакінуў Марыю Калесьнікаву пад вартай як найменей да 8 сакавікаЯ і наша арганізацыя «Ты не адна» (сетка ўзаемадапамогі жанчын) адправілі ліст генэральнаму пракурору Беларусі і ліст у суд. Мы лічым знаходжаньне Машы пад вартай залішнім, а яе зьняволеньне — маніпуляваньнем правам і пагарджаньнем правамі чалавека, паколькі з надуманых прычын Маша знаходзіцца пад арыштам, як, уласна, і ўсе беларускія палітвязьні. Мы напісалі генэральнаму пракурору, што тыя злачынствы, якія ёй інкрымінуюцца, дагэтуль не былі даказаныя, што яна ўтрымліваецца пад вартай у непрымальных для яе здароўя ўмовах. Мы як жаночая праваабарончая супольнасьць Расеі разьлічваем, што Генэральная пракуратура будзе выконваць свае абавязкі — кантраляваць сілавыя структуры, каб яны выконвалі закон. Гэта, вядома, усё лірыка і словы, і нашы паперы — гэта проста паперы. Самае галоўнае, што мы хацелі перадаць сваімі дзеяньнямі, — што Маша для нас такі ж моцны і яркі прыклад, як Жанна ДʼАрк для многіх у гісторыі чалавецтва.
Пра гераічныя ўчынкі Калесьнікавай і Навальнага
Вяртаньне Аляксея Навальнага і ўчынак Марыі Калесьнікавай — гэта два ўнікальныя, сьмелыя ўчынкі двух моцных палітыкаў. Марыя ў мяне выклікае нават большую пашану. Аляксей у Расеі мае вялізарную колькасьць пасьлядоўнікаў, і яна павялічваецца. Калі падчас выбарчай кампаніі ён прэтэндаваў на пасаду мэра Масквы і яго на адзін дзень «закрывалі», мы ўсе выходзілі да будынка Дзяржаўнай Думы, і гэта была шматлюдная акцыя. Аляксей ведае, што ў яго вельмі вялікая падтрымка, і гэта заўсёды дае сілы. У Машы гэтага не было.
Маша гендэрна моцна адрозьніваецца ў падыходах. Аляксей — палітык. Палітыка ў нашай гендэрнай постсавецкай гісторыі ўсё ж лічыцца мужчынскім заняткам. Лукашэнка рэгулярна дыскрымінуе жанчын у сваіх выказваньнях, маўляў, жанчыны мусяць быць кухаркамі, а мужчыны кіраваць дзяржавай, даводзячы людзям, што жанчыны толькі побач пастаяць прыйшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава пра мову, гвалт, шопінг утрох і парады АлексіевічУчынак Машы сапраўды гераічны. Сусьветная супольнасьць ня так уважліва за яе лёсам назірае. Гэта відаць, бо яна дагэтуль знаходзіцца пад вартай. У мяне ўвесь час сэрца сьціскаецца. Я не разумею, чаму сусьветная супольнасьць ня ўключыцца з такой яркай жаночай тэмай і кансалідавана ня скажа: вызваляйце палітзьняволеных, Марыю асабліва, і ўсіх жанчын-палітзьняволеных. Няважна, мужчыны ці жанчыны палітзьняволеныя, важны ня пол, а асобы і за што яны змагаюцца. Міжнародная ўвага да Аляксея моцна прыцягнутая, а да Марыі не.
Маша разарвала свой пашпарт; што зь ёй робяць, невядома. Яна рэзка зьнікла з інфармацыйнага поля Расеі. Пра Аляксея паўсюль працягваюць гаварыць, і ў Беларусі таксама. А Машу пасадзілі, і ў нас цішыня наступіла. Зь яе за кратамі маральна зьдзекуюцца. Лісты не даходзяць. Чаму пра гэта гучна не гавораць? Я спадзяюся, што Аляксей калі-небудзь з Машай сустрэнецца. Я ўвогуле спадзяюся, што надышоў час новых палітыкаў. Гэта людзі, якія нічога не баяцца. Асабліва не баяцца гэтага сілавога катка.
Пра беларускі жаночы пратэст
Я захапляюся жаночым пратэстам у Беларусі. Нізкі паклон. Калі мы выходзілі да беларускай амбасады ў Маскве, сярод нас стаялі жанчыны-беларускі, якія чыталі вершы, сьпявалі песьні, так годна сябе паводзілі. Мне здавалася, што мы стаім побач з маральнымі глыбамі, жанчынамі са сталёвым хрыбетнікам, велізарнай сілай волі, якія гараць вялікай ідэяй, дзеля якой яны там стаяць. Сусьветная гісторыя, гісторыя Беларусі, гісторыя Расеі пацьвярджае, што калі жанчыны плячо ў плячо становяцца, мы можам разам выправіць увесь маразм і цемрашальства вакол нас. Я бачу, як жанчыны не баяцца, як вядуць блогі, як дапамагаюць вязьням, як удзельнічаюць у акцыях, і гэта ўсе не спыняецца, нягледзячы на гэты флёр і фон, калі Лукашэнка сядзіць на троне, надзеўшы сабе пажыцьцёвую карону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельніцы жаночых маршаў, Ціханоўская, Багінская... Выбралі жанчын 2020 годуЖанчыны, адрозна ад мужчын, як я бачу, ніколі ня робяць кроку назад. У іх ёсьць ідэя, у нас усіх ёсьць ідэя, што мы хочам жыць у іншай будучыні. Я ведаю вельмі шмат жанчын, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Яны вельмі слушна фармулююць, што, як і навошта мы можам зрабіць. Мы ў Расеі кажам, што каб наша жаночая праваабарончая супольнасьць так выходзіла, у нас ужо быў бы закон аб хатнім гвалце, закон супраць дамаганьняў. Слуцкага, які дамагаўся журналістак, выгналі б зь Дзяржаўнай думы, і сыстэма б зьмянілася. Але мы чамусьці так ня можам, мы так масава гэтага ня робім. І гэта адрозьнівае нас ад вас.
Пра жаночы парадак дня ў мірным пратэсьце
Я думаю, што ў вас цяпер стаіць самая галоўная мэта — унутраная і вонкавая свабода, і каб будучыня зьмянілася ў лепшы бок. І потым жаночы парадак дня, гендэрны парадак абавязкова зьявіцца. У гэтых пратэстах шмат удзельнічае жанчын, нашых паплечніц, саюзьніц, я ведаю шмат жанчын — суаўтарак закону аб хатнім гвалце ў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Барацьба з дыктатурай дыктуе неабходнасьць абʼяднацца вакол 2–3 ідэй. Тут гэтыя ідэі — сфальсыфікаваныя выбары і неабходнасьць свабоды і справядлівасьці. Дзеля гэтых ідэяў людзі абʼядналіся. Лепей цяпер не сэгмэнтаваць. Большасьць тых, каго я бачу, — людзі, якія выступаюць супраць гвалту, і тэма хатняга гвалту будзе потым на парадку дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без закону аб хатнім гвалце: «Шмат жанчын у Расеі сядзяць за забойства свайго тырана»Пра лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую
Выдатны прыклад чалавека, які бярэ і ня кідае тое, што пачаў, і ідзе, нягледзячы на цемру. Я ёю захапляюся. Глядзела яе інтэрвію зь Ірай Шыхман. Я сама малаэмацыйны чалавек, але некаторую частку інтэрвію я проста рыдала. Гэтая шчырасьць, якая ёсьць у Сьвеце, абсалютна не палітызаваная. Гэта не прагматычная шчырасьць, якая ёсьць у лідэраў-палітыкаў ва ўсім сьвеце і асабліва на постсавецкай прасторы. Сьвятлана — унікальны лідэр, яна маці сусьвету. У яе мацярынскі пачатак, ёй верыш, хочацца яе падтрымліваць. Абсалютна неагрэсіўная і пры гэтым вельмі моцная. У сьвеце маскуліннасьці і прадпісанасьці агрэсіі Сьвятлана вылучаецца тым, што яе сіла ў абсалютнай негвалтоўнасьці. Гэта крута. Я выпісваю некаторыя рэчы, вешаю сабе на сьценку, гляджу і думаю, што нам таксама так трэба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стыліста ў мяне няма». Ціханоўская – экспэрткам, якія прааналізавалі яе адзеньне і выступыПра беларускія ўрокі
Мы ўсе разьяднаныя, і ў гэтым вялікая праблема. Трэба навучыцца абʼядноўвацца, як беларусы. Чаго пазьбегнуць? Страху, але ў Беларусі ніякага страху няма ні ў кога. Гэта, хутчэй, нашы асабістыя ўрокі. Мы часта задаём сабе пытаньне, адкуль у нашым пакаленьні сядзіць генэтычны страх. У маёй сямʼі былі рэпрэсаваныя, расстраляныя, і бацькі культывавалі, што свабода — гэта тое, за што ня страшна і памерці. Гэтага страху няма ў бацькоў і бабулі, а ў мяне чамусьці ёсьць, нягледзячы на тое, што я ўдзельнічаю многіх акцыях. Гэта вялікая праца над сабой, якая патрэбна ўсім нам.