На нядзельных акцыях пратэсту ў Беларусі затрымалі каля 20 чалавек

  • БелаПАН

Марш пратэсту ў Менску, 17 студзеня.

17 студзеня стала 162-м днём пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і перасьледу іншадумцаў.


Не менш як 18 чалавек затрымалі сілавікі на нядзельных акцыях пратэсту, пра гэта сьведчаць зьвесткі Праваабарончага цэнтра «Вясна» і валянтэрскага телеграм-каналу «Спісы затрыманых».

Як мінімум пяць чалавек дастаўленыя ў міліцыю ў Горадні. Сярод іх генэральны дырэктар польска-беларускага прадпрыемства «Квінфуд» Валер Загорскі, які апрануў маску з гербам «Пагоня».

У Менску затрыманьні адбываліся каля станцыі мэтро «Пушкінская» побач з народным мэмарыялам Аляксандру Тарайкоўскаму і ў раёне вуліцы Заслаўскай. Тэлеграм-канал «Белыя халаты. News» паведамляе аб затрыманьні фэльчара хуткай дапамогі, чэмпіёнкі Беларусі па муай-тай Анастасіі Калашнікавай.

Акрамя Менску і Горадні 17 студзеня пратэставалі ў Берасьці, Віцебску, Барысаве, Наваполацку, Лідзе, Кобрыне, Лагойску, Маладзечне, Вілейцы, Ракаве, Заслаўі. Беларуская дыяспара правяла акцыі ў Кіеве, Львове, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Бэрліне, Гамбургу, Варшаве, Вроцлаве.