У сувязі з вынясеньнем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, зьвязаных з абвінавачаньнем у выкарыстаньні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з выкарыстаньнем гвалту супрацоўніку МУС, іншым службовым асобам, якія выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК), праваабаронцы адзначылі, што вынікі маніторынгу судовых працэсаў па некаторых з дадзенай катэгорыі справаў паказалі, што суды не далі «належнай ацэнкі законнасьці дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі за сваю пазыцыю. Нагадваем імёны ўсіх палітвязьняў Беларусі. ВІДЭАЗатрыманьні ўдзельнікаў масавых сходаў, прымяненьне ў іх адносінах фізычнай сілы, спэцсродкаў, па меркаваньні судзьдзяў, носіць законны характар. Па меркаваньні падпісантаў заявы, працягласьць або ўмовы пазбаўленьня волі па такіх прысудах відавочна непрапарцыйныя правапарушэньню, па якім асобу прызналі вінаватай.
«Усе гэтыя акалічнасьці даюць падставы сьцьвярджаць, што перасьлед указаных асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы зьяўляюцца палітычнымі зьняволенымі».
Новыя палітвязьні:
- Андрэй Цімафеенка, асуджаны судом Кастрычніцкага раёну Віцебску на 2 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 366 КК;
- Дзьмітры Караткевіч, асуджаны судом Савецкага раёну Менску на 3 гады пазбаўленьня волі паводле арт. 364 КК;
- Сяргей Яфімаў, асуджаны судом Цэнтральнага раёну Гомлі на 3 гады пазбаўленьня волі.
Праваабаронцы запатрабавалі ад дзяржавы неадкладнага перагляду прысудаў да гэтых трох асобаў, а таксама вызваленьня іх з-пад варты з прымяненьнем іншых захадаў, якія забясьпечваюць яўку ў суд.
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- «Прававая ініцыятыва»;
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар;
- Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;
- Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend;
- Кансультацыйны цэнтар у актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве «Хьюман Канстанта».
Усяго, паводле «Вясны», у Беларусі на 17 студзеня 185 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пальчысу не перадалі фота нованароджанай дачкі. Што цяпер вядома пра затрыманых блогераў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенай праваабаронцы Марфе Рабковай не аддалі ніводнага ліста-віншаваньня з Калядамі і днём народзінаў