Беларусь, нягледзячы на сьціплае месца на мапе сьвету, дазваляе сабе праводзіць незалежную вонкавую і ўнутраную палітыку. Так заявіў Аляксандар Лукашэнка на прыёме 16 студзеня, паведамляе ягоная прэс-служба. Падчас вечару ён уручыў ордэны, мэдалі і падзякі чыноўнікам, артыстам і супрацоўнікам дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, многія імёны іх уладальнікаў былі вядомыя за некалькі дзён да гэтага.
На вечары Лукашэнка заявіў, што кожны з прысутных апынуўся «ў эпіцэнтры выбуховага палітычнага жыцьця краіны».
«І я недарэмна схіляўся перад жанчынай і недарэмна гаварыў, што я „жаночы прэзыдэнт“: на плошчах і вуліцах ваявалі мужыкі, але і дзяўчаты нашы не адсталі ад мужыкоў. Гэты час вызначыў сваіх герояў».
Лукашэнка зноў назваў падзеі 2020 году «вайной», якую «разьвязалі супраць моцнай дзяржавы». Дзяржавы, якая, на яго думку, «нягледзячы на сьціплае месца на мапе сьвету, можа дазволіць сабе праводзіць незалежную вонкавую і ўнутраную палітыку».
«Калі б мы былі вельмі моцнымі, дапусьцім, як Кітай, нам не выстаўлялі б такія прэтэнзіі. Хоць і Кітай хісталі, ды яшчэ як: памятаеце ганконскія падзеі?»
Тэлеграм-канал прэс-службы апублікаваў відэафрагмэнт вечара, на якім Лукашэнка заявіў, што яшчэ пры ягоным жыцьці адбудзецца «завяданьне фаерверку», як ён назваў інтэрнэт. І заклікаў не адмаўляцца ад «клясыкі», бо «тэлевізар — гэта лад жыцьця, лад мысьленьня».
Ордэнам Айчыны ІІ ступені ўзнагародзілі старшыню Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіла Мясьніковіча, ордэн Айчыны ІІІ ступені атрымалі старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава і старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік. Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іне Мядзьведзевай і міністру аховы здароўя Дзьмітрыю Піневічу дастаўся ордэн Пашаны.
Мэдалём «За адвагу» ўзнагародзілі карэспандэнта тэлеканалу СТБ Рыгора Азаронка, мэдалём «За працоўныя заслугі» — аглядальніка аддзелу выдавецкага дому «Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка і галоўнага дарадцу прэс-службы Лукашэнкі Валера Шульгу, мэдалём Францішка Скарыны — рэдактара аддзелу выдавецкага дому «Беларусь сегодня» Дзьмітрыя Крата і карэспандэнта тэлеканалу АНТ Ігара Тура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра ўкраінскіх экспэртаў, якія выступаюць на БТ у падтрымку Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія чыноўнікі чакаюць, хто выйграе ў бойцы Лукашэнкі з народам, пераможцам яны абвесьцяць сябе, — Пласкавіцкі