Першы энэргаблок БелАЭС адключылі ад сеткі пасьля таго, як спрацавала сыстэма абароны генэратара, паведаміла Міністэрства энэргетыкі.
«Сыстэма абароны спрацавала ў ходзе дасьледча-прамысловай эксплюатацыі першага энэргаблёку, у рамках чаго праводзіцца тэставаньне сыстэм і абсталяваньня. Радыяцыйны фон у раёне станцыі ў норме», – гаворыцца ў паведамленьні.
7 лістапада Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў атамную электрастанцыю ў Астраўцы. Аднак ужо на наступны дзень выпрацоўка электраэнэргіі была прыпыненая з прычыны праблем з трансфарматарамі напружаньня. 19 лістапада першы энергаблёк ізноў уключылі ў сетку энергасыстэмы. Потым яго зноў адключалі 3 сьнежня.