Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна» напісалі спэцдакладчыкам ААН, што ўлады Беларусі гатовыя перайсьці да яшчэ больш радыкальных дзеяньняў у дачыненьні да пратэстоўцаў і зрабіць рэалізацыю правоў чалавека цалкам немагчымай, паведаміў сайт БХК.
Зварот накіравалі шасьцярым спэцыяльным дакладчыкам, а таксама Працоўнай групе па адвольных затрыманьнях і вярхоўнаму камісару Арганізацыі Абʼяднаных Нацый па правах чалавека Мішэль Бачэлет.
15 студзеня ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL апублікавала гуказапіс выступу чалавека, голас якога нагадвае голас намесьніка міністра ўнутраных справаў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова. Раней ён займаў пасаду начальніка ГУБАЗіК МУС.
На ім гаворыцца пра патрэбу выкарыстаньня супраць пратэстоўцаў траўматычнай зброі, якая можа забіць, стварэньне канцэнтрацыйнага лягера і гарантыі беспакаранасьці ад Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляць і садзіць у канцлягеры: рэцэпты КарпянковаПраваабаронцы адзначаюць, што зьмест запісу паказвае, што ўлады вырашылі цалкам ігнараваць базавыя правы чалавека:
- на жыцьцё,
- на свабоду ад катаваньняў,
- на свабоду ад паднявольнага стану і прымусовай працы,
- на свабоду і асабістую недатыкальнасьць.
Праваабаронцы заклікалі «задзейнічаць усе сродкі міжнародна-прававога рэагаваньня на найгрубейшыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фэйкі не камэнтуем». МУС адрэагавала на «запіс Карпянкова» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Івацэвічах зрабілі загон для людзей». Ціханоўская абмеркавала з Астаповічам аўдыёзапіс пра канцлягеры