Каля ўрочышча Курапаты 15 студзеня затрыманы грамадзкі актывіст Зьміцер Дашкевіч.
Як паведаміла БелаПАН яго жонка Наста Дашкевіч, каля 17 гадзіны ёй патэлефанавалі і паведамілі, што Дашкевіча і яшчэ аднаго чалавека, які стаяў зь ім у бестэрміновым пратэсьце супраць працы разьмешчанага побач рэстарана «Поедем поедим», пасадзілі ў машыну і павезьлі.
«Магчыма, іх забралі за сьцяг, які яны трымалі. Казалі, што міліцыя ехала міма, убачылі, спыніліся, пачалі некуды тэлефанаваць. Потым зьехалі, вярнуліся і забралі. Пакуль ня ведаю падрабязнасьцяў», — сказала яна.
Рэстаран «Поедем поедим» разьмешчаны побач з урочышчам Курапаты — месцам масавага пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пратэсты супраць працы рэстарана доўжацца з 31 мая 2018 году.