«Прыйшлі 4 супрацоўнікі ДФР у выдавецтва „Янушкевіч“. Яны правялі агляд і забралі кампутар і ноўтбукі выдавецтва. Флэшку, зьнешні дыск. Андрэя Янушкевіча забралі на допыт», — паведаміў Сяргей Макарэвіч Свабодзе, які прысутнічаў у гэты час у офісе. Сам ён цяпер на волі.
Алесь Яўдаха пасьпеў паведаміць, што каля 10-й гадзіны да яго пазванілі ў дамафон міліцыянты. Цяпер ягоныя тэлефоны выключаныя, напісаў «Белсат».
Як стала вядома рэдакцыі Свабоды, затрыманьне Алеся Яўдахі і Андрэя Янушкевіча — зьвязаныя. У выдавецтва і да Яўдахі прыйшлі адначасова.
Выдавецтва «Янушкевіч» публікуе сучасныя і папулярныя кнігі на беларускай мове. У верасьні Андрэй Янушкевіч казаў, што мытня запатрабавала сьведчаньні, што ў беларускім перакладзе кнігі пра Гары Потэра няма заклікаў да зьвяржэньня ўлады.
Алесь Яўдаха займаецца распаўсюдам беларускіх кніг праз інтэрнэт-краму knihi.by. Ён быў адным зь фігурантаў справы «Белага легіёну» ў 2017 годзе, якая пачалася пасьля заявы Лукашэнкі пра выяўленыя «лягеры баевікоў», але развалілася і не дайшла да суду. Аднак больш за тры месяцы Яўдаху трымалі пад вартай у менскім СІЗА.
13 студзеня затрымалі выдаўца Генадзя Вінярскага і дызайнэра Анатоля Лазара. Пасьля допыту ўвечары таго ж дня іх адпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым небясьпечныя для Лукашэнкі «кніжныя людзі»?