Адпаведнае пагадненьне 15 студзеня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Грошы, нібыта, выдзяляюць для паляпшэньня працы «органаў вяршэнства права» ў сфэрах:
- гендэрнай роўнасьці,
- міру, правасудзьдзя і эфэктыўных інстытутаў,
- скарачэньня няроўнасьці ўнутры краін і між краінамі.
У выніку, як сьцьвярджаюць улады, плянуецца:
- зрабіць лягчэйшым для грамадзянаў доступ да дзяржаўных паслуг,
- удасканаліць працу плятформы pravo.by,
- палепшыць законы, якія абараняюць пэрсанальныя зьвесткі,
- удасканаліць заканадаўства для непаўналетніх,
- падтрымаць зьмены ў законах і інфармацыйных мэханізмах для барацьбы з кібэрзлачыннасьцю, зьвязанай зь непаўналетнімі.
Аднак кіраўнік Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь Дырк Шубэль пракамэнтаваў зьяўленьне гэтага дакумэнту для інтэрнэт-карыстальнікаў наступным чынам:
«Калі праграма падпісаная, гэта ня значыць, што яна будзе рэалізаваная. Заключэньне/рэалізацыя гэтай праграмы, а таксама многіх іншых праграм і праектаў ЭЗ у Беларусі, было прыпыненае Эўразьвязам».
Пазьней прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі абнародавала пашыранае тлумачэньне гэтай зьмены палітыкі Зьвязу.
Паводле заключэньня Рады Эўрапейскага Зьвязу ад 12 кастрычніка, ЭЗ памяняў фармат аказаньня Беларусі фінансавай дапамогі, каб гарантаваць, што яна прынясе карысьць грамадзянам. У прыватнасьці, дапамога ў максымальна магчымай ступені перанакіроўваецца ад органаў цэнтральнага кіраваньня да недзяржаўных, мясцовых і рэгіянальных актараў.
Гэта азначае, што прыпынена даваньне каля паловы аб'ёму двухбаковай дапамогі ў рамках Эўрапейскага інструмэнту суседзтва, якая не адпавядала згаданаму заключэньню Рады ЭЗ.
Прыпыненьне (у адрозьненьні ад ануляваньня) праграмаў дазваляе хутка мабілізаваць гэтак неабходныя рэсурсы ў выпадку дэмакратычнага транзыту. Прыпыненьне распаўсюджваецца, сярод іншага, на раней узгодненае супрацоўніцтва ў прававой сфэры. Пасьля перафарматаваньня фінансавай дапамогі ЭЗ падтрымка будзе абмежаваная сфэрамі, у якіх яна прынясе карысьць грамадзянам Беларусі (моладзь, ахова навакольнага асяродзьдзя, малы і сярэдні бізнэс, разьвіцьцё не мясцовым узроўні, грамадзянская супольнасьць і незалежныя СМІ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch у Сусьветнай справаздачы заявіла пра беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў Беларусі. Асноўныя тэзісы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 журналістаў праходзяць падазраванымі ў крымінальных справах, 9 зь іх — у СІЗА. ВІДЭАЗВАРОТ