«Хачу падзякаваць беларусам, якія разам з намі адстаялі свабоду». У Горадні выстава да 30-годзьдзя літоўскай незалежнасьці

Твор аднаго з найлепшых графікаў Літвы Стасіса Красаўскаса на выставе

Экспазыцыя твораў літоўскіх мастакоў савецкага часу адкрылася ў новым будынку літоўскага консульства ў Горадні.

Аднак з прычыны каранавірусу паглядзець яе можна пакуль толькі віртуальна .

На выставе прадстаўленыя творы жывапісу і графікі 25 найлепшых мастакоў Літвы савецкага часу з фонду Саюзу мастакоў Літвы. Экспазыцыя прысьвечаная 30-годзьдзю аднаўленьня незалежнасьці Літвы.

Генэральны консул Літвы ў Горадні Яланта Тубайце

«Учора мы адзначалі Дзень абаронцаў свабоды. Таксама ў нас юбілей, 30 гадоў, як мы жывем у дэмакратыі. Вельмі хачу падзякаваць тым беларусам, якія 30 гадоў таму разам з намі адстаялі нашу свабоду, незалежнасьць, свабоду слова, дэмакратыю», — сказала генэральны консул Літвы ў Горадні Яланта Тубайце.

Адна з арганізатарак выставы Ірына Варкулевіч расказала, што ў гэтай экспазыцыі можна добра прасачыць гісторыю літоўскага мастацтва за савецкім часам аж да незалежнасьці.

Ірына Варкулевіч зьлева

«Мы можам убачыць, што, якія б абставіны ні былі, літоўскія мастакі засталіся літоўскімі мастакамі, але на найвышэйшым сусьветным узроўні. Усё было ў трэндах увесь гэты час», — кажа Ірына Варкулевіч.

Яна назвала прадстаўленыя творы «залатым фондам Літвы».

«Гэта вельмі тонка і вельмі магутна... У савецкі пэрыяд у іншых рэспубліках гэта ўвогуле было немагчыма. Гэта нерэальны ўзровень. Ціснулі ўсё. Мастакам не давалі магчымасьці выставіцца... Гэта прыгожа. Гэта вельмі моцны жывапіс. Гэта цяжкатраўна было ў „саўку“, бо праходзіў толькі рэалізм», — заўважыла Ірына Варкулевіч.

Паглядзець выставу можна на сайце літоўскага консульства.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.