Дзьмітрыя Дубкова вінавацяць па ч. 3 арт. 214 (крадзеж транспартнага сродку, учынены з прымяненьнем гвалту, небясьпекі для жыцьця і здароўя, альбо з пагрозай яго прымяненьня) і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), піша «Вясна».
Справу разглядае судзьдзя Алена Жуковіч. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Настасься Маліка. Пацярпелыя — кіроўцы тралейбуснага парку № 4 Віктар Навадворскі, Андрэй Аўтушка, сьлесар-электрык тралейбуснага парку № 4 Сяргей Лізгірда.
Дзьмітрый Дубкоў — 29-гадовы дальнабойшчык. У ноч з 10 на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі мэтро «Пушкінская». Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў. З 15 жніўня ён пад вартай. Пасьля затрыманьня «Беларусь-1» паказала кадры зь відэарэгістратара МАЗ і допыту Дзьмітрыя: так яго маці Ірына даведалася, у чым абвінавачваюць сына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі пратэсты затухнуць, Лукашэнка зробіць з краіны канцлягер». Ціханоўскі даслаў ліст з турмыДубкова, якога прызналі палітвязьнем, абвінавачваюць у тым, што па папярэдняй дамове зь нявызначанымі асобамі ён пранік у кабіну МАЗ, завалодаў транспартным сродкам і запусьціў рухавік бяз мэты крадзяжу. Пры гэтым ён пагражаў гвалтам, ужываючы прадмет, падобны да пісталета. Сам Дзьмітры віны не прызнае.
Па словах пацярпелага Навадворскага, калі ноччу пасьля пратэстаў яны з калегамі прыехалі забіраць МАЗ, то ўбачылі, што ён стаяў пасярод дарогі і праехаў мэтраў 50 зь месца здарэньня: у ім былі разьбітыя люстэркі, зьнікла буксірнае прыстасаваньне, вогнетушыцель валяўся пасярод дарогі. Пры гэтым абвінавачаны не нанёс шкоды — гэта зрабілі тыя, хто пагражаў яму.
Пацярпелы Андрэй Аўтушка падчас здарэньня знаходзіўся ў спальным аддзяленьні, каб не пацярпець, ён паклаў на галаву падушку. Ён, як і яшчэ адзін пацярпелы — Лізгірда, вылез з кабіны МАЗа, Лізгірда яшчэ бачыў у руках аднаго зь людзей каля кабіны дзіўны плястыкавы прадмет, абматаны дротам. Да Дубкова ніхто з пацярпелых ня мае прэтэнзій.
Падчас прагляду відэа палітвязень пацьвердзіў, што гэта ён за стырном аўтамабіля, пацярпелы Навадворскі пазнаў на відэа ключы.
Разгляд справы працягнецца 15 студзеня ў 10.00.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Няронскі ў судовай залі зьвярнуўся да ўладаў: «Вы давялі да братазабойчай сытуацыі ў краіне» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch у Сусьветнай справаздачы заявіла пра беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў Беларусі. Асноўныя тэзісы