14 студзеня ня стала народнага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў, ляўрэата дзяржаўнай прэміі Беларусі, франтавіка-ардэнаносца Леаніда Шчамялёва.
Ён пражыў доўгае і насычанае жыцьцё. У апошнім інтэрвію Свабодзе ён казаў, што ня супраць справіць 100-гадовы юбілей. Крыху не хапіла — літаральна двух гадоў.
Свабода пагаварыла з майстрам летась напярэдадні 9 траўня. Для любога ўдзельніка Другой сусьветнай вайны гэты дзень адметны, але тады былы франтавік-кавалерыст наракаў, што беларускія ўлады, захапіўшыся падрыхтоўкай да «каранавіруснага параду», забыліся пра галоўных герояў — вэтэранаў.
«Зыходзіць не з палітычнай патрэбы, а з інстынкту самазахаваньня»
Леаніду Дзьмітрыевічу Шчамялёву ў пачатку лютага магло споўніцца 98 гадоў. Ён наведваўся ў майстэрню, аж пакуль увесь сьвет не спаралізаваў каранавірус.
Проста пад вокнамі ягонай кватэры на менскай вуліцы Сурганава кожны год грукоча бранятэхніка з разьлікаў вайсковага параду — або ў Дзень Незалежнасьці, або ў юбілейныя Дні Перамогі.
Рэпэтыцыі, генэральныя прагоны, кульмінацыя сьвята. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Лукашэнка займае месца на трыбуне, але з кожным годам за дзеяй назірае ўсё меней тых, хто мае да вызваленьня ад нацызму рэальнае дачыненьне. А хто і дажыў, застаўся ў цені.
«Не хачу скардзіцца ці на некага нагаворваць, але ніякіх запрашэньняў не было, — кажа вэтэран. — Такое ўражаньне, што мяне ўжо няма. Прычым ігнараваньне калектыўнае: уладаў, музэяў, Саюзу мастакоў. Увогуле не ўспамінаюць, ёсьць такі ці недзе ўжо ў іншым сьвеце. Шчыра кажучы, я цалкам самадастатковы, мне нічога ад іх ня трэба. Але прынамсі маглі пацікавіцца, што апошнім часам зрабіў. Шмат можна запытаць у таго, хто амаль 75 гадоў не адыходзіць ад мальбэрта».
Самадастатковасьць Леаніда Дзьмітрыевіча ў значнай ступені трымалася на ягонай жонцы Сьвятлане Мікалаеўне — галоўнай музе і надзейнай спадарожніцы жыцьця на працягу апошняга паўстагодзьдзя.
«Ня памятаю, каб яго некуды запрашалі нават у лепшыя часы, а цяпер тым больш ня трэба, — кажа яна. — З усіх бакоў папярэджваюць, што зьбірацца небясьпечна, а ў некага іншая думка: ня толькі можна, а і трэба. Леанід Дзьмітрыевіч дакладна ня ў тым стане, каб хадзіць на парады. Калі ў Расеі заявілі пра перанос, здалося, што ў гэтай сытуацыі абсалютна правільна. А ў нашага прэзыдэнта іншае бачаньне. Ну паглядзім, хто мае рацыю. Сагнаць усіх у адно месца, калі нават больш за два пажадана не зьбірацца, — прабачце, неяк страшнавата».
Паводле Леаніда Шчамялёва, з улікам абставінаў, выкліканых глябальным распаўсюдам віруснай інфэкцыі, уладам трэба зыходзіць не з палітычнай мэтазгоднасьці, а з элемэнтарнага пачуцьця самазахаваньня.
«Гэтыя парады робяцца не для вэтэранаў — колькі іх ужо засталося? Лёгіка зразумелая: даць людзям сьвята. Але калі ўвесь сьвет перастрахоўваецца, чаму ў Беларусі інакш? Уцямна не патлумачана. Такія рашэньні павінны грунтавацца не на палітыцы, а на інстынкце самазахаваньня. Мне таксама хацелася б урачыстасьцяў, паглядзець на ўзоры сучаснай тэхнікі. Проста чаму менавіта цяпер? Нічога не замінае перанесьці на пазьней, як і патлумачыў сваім грамадзянам прэзыдэнт Расеі. Зрэшты, я, мабыць, ня ў тым узросьце і стане, каб займацца палітычнымі сэнтэнцыямі...»
«Пяхота гінула тысячамі, і ніхто з гэтай нагоды не пераймаўся»
Леанід Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 году. Бацька Дзьмітры — унтэр-афіцэр царскай арміі. У Першую сусьветную вайну быў паранены, трапіў у палон і вывезены ў Нямеччыну. Там яго вылечылі, адправілі на вайсковы завод. У 1919-м, неўзабаве пасьля міравога пагадненьня паміж удзельнікамі канфлікту, пачаўся абмен палоннымі. Дзьмітры Шчамялёў апынуўся спачатку ва Ўкраіне, затым у Латвіі, а ўрэшце атабарыўся ў Віцебску, дзе ажаніўся з краўчыхай, будучай мамай мастака.
А вось ягоны дзядзька Васіль так і застаўся царскім штабс-капітанам. Далучыўся да «белага» руху генэрала Дзянікіна і згінуў пасьля таго, як бальшавікі захапілі Крым. Хутчэй за ўсё, апынуўся сярод тысяч патопленых на баржах у Чорным моры. Праз шмат гадоў пляменьнік прысьвяціў яму карціну «Разьвітаньне з Радзімай. 1920-ы». Як успамінае Леанід Дзьмітрыевіч, жыла сям’я добра, ён вучыўся ў школе, займаўся спортам і шмат маляваў.
Тагачасны Віцебск выбіваўся адметным мастацкім асяродкам — Марк Шагал, Казімір Малевіч ды іншыя творцы экспэрымэнтальнай хвалі. Лёню было 13, калі ён завітаў у майстэрню да Юдаля Пэна, паказаў свае малюнкі. «Нядрэнна, але трэба шмат вучыцца», — пачуў у адказ.
Прысьвяціць сябе любімай справе атрымалася не адразу. У пачатку 1930-х грымнуў голад, людзі пацягнулі апошнія запасы ў «таргсіны» — усесаюзнае аб’яднаньне гандлю з іншаземцамі і савецкімі грамадзянамі, якія мелі «валютныя каштоўнасьці». У гэтых канторах можна было абмяняць на харчы золата, серабро, каштоўныя камяні, прадметы даўніны. «Падушка бясьпекі» хутка зьдзьмулася. Пасьля 7-й клясы паступіў у заводзкую вучэльню і быў разьмеркаваны на абутковую фабрыку.
У канцы чэрвеня 1941-га, калі немцы ўзялі Менск і рушылі далей, бацьку мабілізавалі — так і застаўся сярод зьніклых бязь вестак. Леанід з маці і цяжарнай сястрой літаральна пад бомбамі пакідалі Віцебск. Цудам уціснуліся ў перапоўнены вагон-«цялятнік» і апошнім эшалёнам выправіліся ў Маскву. Адтуль іх накіравалі ў Іванава, а пасьля ў Сямёнаў Горкаўскай вобласьці, дзе Леаніда прызвалі ў войска. У палкавой школе на краі Марыйскай АССР вывучылі на камандзіра аддзяленьня пехацінцаў.
У 19-гадовым узросьце ён трапіў на фронт. Прыгадвае, што ўразілі «маштабы бойні»: пяхота гінула тысячамі, і ніхто з гэтай нагоды асабліва не пераймаўся. Летам 1943-га ўдзельнічаў у адной з ключавых бітваў Другой сусьветнай вайны — на Курскай дузе. Вызваляючы Ўкраіну, атрымаў першую баявую ўзнагароду, ордэн Айчыннай вайны І ступені.
У кастрычніку таго ж году ў баях за Мазыр быў цяжка паранены — цалкам перабітая левая рука. Пашчасьціла, што санітары своечасова вынесьлі, а мэдыкі ўратавалі ад ампутацыі. Тады ж яго прадставілі да ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені.
У шпіталі пазнаёміўся з афіцэрам-кавалерыстам, які служыў пад кіраўніцтвам Льва Даватара — адным зь міталягізаваных герояў той пары. Шчамялёў яшчэ ў юнацтве займаўся конным спортам, да высакародных жывёлаў меў асаблівы піетэт. Напісаў рапарт у Маскву аб пераводзе ў кавалерыю і атрымаў дазвол. Так да канца вайны ў сяржанцкім званьні і праслужыў на поўдні Ўкраіны, у 4-м Кавалерыйскім кубанскім казацкім корпусе.
Ня дзіва, што ад таго часу коні разам зь людзьмі сталі галоўнымі героямі многіх ягоных жывапісных твораў. «Ну і яшчэ сабакі, як жа бязь іх», — з усьмешкай дадае суразмоўца.
Пасьля дэмабілізацыі на год затрымаўся звыштэрмінова ў Бабруйску, там зноў узяўся за аловак — усю службу захапленьне заставалася ў замарожаным стане. А ў 1947 годзе паступіў у Менскую мастацкую вучэльню. Затым працягнуў навучаньне ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў народнага мастака Віталя Цьвіркі. Пасьля сьмерці настаўніка пераехаў у ягоную майстэрню, там і тварыў.
«Хто ўдзельнічаў у такіх падзеях, мог бы шмат успомніць, шмат расказаць, — разважае Леанід Дзьмітрыевіч. — Гэта ж унікальны досьвед, тым больш што жывых сьведкаў літаральна адзінкі. Але нават сваякі занятыя сваімі справамі, ім не да нас, што ўжо казаць пра чужых людзей? Я не пра лякалы савецкіх часоў, а каб дакапацца да сутнасьці. Чаму пачынаюцца войны; як здараецца, што чалавек гатовы зьнішчаць сабе падобнага; што зрабіць, каб папярэдзіць трагедыю. Процьма нюансаў маральнага пляну. На жаль, чым далей, тым меней зацікаўленасьці. А войны як былі, так і ёсьць».
«Баталіст з каньюнктурных меркаваньняў ужо не мастак»
Ваеннаму ліхалецьцю Леанід Шчамялёў прысьвяціў больш за сотню карцін. На іх няма батальных сцэнаў, у цэнтры — чалавек у экстрэмальным асяродку. Часьцяком аўтар апынаўся пад прыцэлам крытыкі за «нерэальнасьць адлюстраваньня», за захапленьне сымбалямі — кветкі, дрэвы, коні, гаротныя людзі. Але ён па сёньня крытычны да тых калегаў, хто спрабуе зарабіць на тэме, якой ня ведае і не разумее.
«Калі чалавек узяўся за батальную сцэну з каньюнктурных меркаваньняў, то ён не мастак. Сапраўдны творца ніколі не бярэцца за тое, што яму не адпавядае духам. Лепш галадаць, чым рабіць такое. І тое, што цяпер выстаўляецца на агляд у дзяржаўных установах, ніякага дачыненьня да мастацтва ня мае. Гэта нават не каньюнктура, а проста малацікавы погляд на здольнасьць мастака мысьліць. Напісаць, каб заплацілі. Гэта бяда. Так, мастак павінен атрымліваць грошы, але толькі тады, калі мастацтва адкрытае, празрыстае», — перакананы Леанід Шчамялёў.
Асобныя ягоныя «ваенныя» творы прымаліся ў штыкі за свой пацыфісцкі падтэкст — «Маё нараджэньне», «Цяжкія гады», «Першы дзень міру». За «Палявы трыбунал» і «Вясельле» надоўга трапіў у няміласьць — зацкавалі за «фармалізм». А цяпер няма нават гэтага — поўны вакуўм, наракае мастак.
«Ня скарджуся, але павінен быць інтарэс з боку маладых людзей да тых, хто жыў раней за іх. Я ў гэтым выпадку пра выяўленчае мастацтва. Адчуваньне, што засталося толькі тое, што было некалі — у музэях, галерэях, калекцыях. А ўсё пазьнейшае проста памерла. Нікога не цікавіць, як мастак успрымае эвалюцыйныя зьмены, ці стаў, зь ягонага гледзішча, сьвет больш ці менш цікавы, чым быў калісьці. Можа, занадта рэзка, але да мастацтва стаўленьне ніякае. Вобразна кажучы, мёртвы сэзон. Гэта дрэнна».
Цяперашнюю сытуацыю ў выяўленчай культуры Леанід Шчамялёў параўноўвае зь віруснай інфэкцыяй, якая мінімізавала чалавечыя зносіны. Зрэшты, мастакоўская супольнасьць у Беларусі самаізалявалася значна раней, перакананы ён.
«З аднаго боку, Захад намі не цікавіцца, бо пры закрытых межах перамяшчэньне ўскладняецца візавымі, мытнымі праблемамі. Прынамсі, не адчуваю актыўнасьці. З другога боку, ня бачу і ўнутранага інтарэсу да выяўленчай культуры. Некалі да мяне прыходзілі студэнты, калегі, крытыкі. Было шырокае кола зносінаў: гаварылі, абмяркоўвалі, працавалі на агульнае разьвіцьцё. Цяпер усе па сваіх норах, ніякіх прафэсійных кантактаў. Я не павучаю, а параўноўваю — як было і як стала».
«Мастацтва павінна разьвівацца пры любым палітычным ладзе»
Удзельнічаць у выставах Леанід Шчамялёў пачаў ад канца 1950-х. Першая пэрсанальная адбылася ў Менску ў 1963-м, а праз два гады «ўзяў» Маскву. Кажа, гэта быў час, калі беларускае мастацтва пачало ва ўсю моц заяўляць пра сябе як у Саюзе, так і за яго межамі. І прыкра, што цяпер той голас ледзь чуваць.
«У нас ня самая вялікая краіна, але мастакоў хапае. І ня бачу, каб хтосьці асабліва варушыўся. Вось раней мастацкая школа Беларусі мела вагу і ў СССР, і далей. Творцы былі прыкметныя, іх ведалі. Я ад 1960-х пачаў выстаўляцца ў Эўропе — Англія, Аўстрыя, Італія, Францыя. У ЗША, Японіі працы былі. Можа, не зусім аб’ектыўны, але сытуацыя зьмянілася ў горшы бок. Хоць мастацтва павінна разьвівацца пры любым палітычным ладзе і настроях у грамадзтве. Колькі было выбітных мастакоў, якія пісалі карціны ў вайну? А цяпер мірны час, і нечага адметнага не заўважаю».
Леанід Шчамялёў працуе ў жанрах станковага жывапісу, усе ягоныя творы вылучаюцца экспрэсіўнасьцю і плястычнай манерай выкананьня. Мае значны пэдагагічны стаж: выкладаў у Менскай мастацкай вучэльні, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка, на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытуту. Быў першым сакратаром праўленьня Саюзу мастакоў Беларусі, старшынём праўленьня Мастацкага фонду, кіраўніком Беларускага саюзу мастакоў.
У 2003 годзе менскія ўлады выдзелілі ў менскім раёне Серабранка памяшканьне пад мастацкую галерэю твораў Леаніда Шчамялёва, куды ён перадаў больш за паўсотні сваіх работ. Мастак удзячны за ўвагу, але знакавым месцам той адрас ня стаў — і далёка ад культурнага жыцьця, і кантынгент ня самы абазнаны. Толькі ў 2015-м экспазыцыя пераехала ў гістарычны цэнтар.
«Складана кагосьці ў нечым абвінаваціць, таму што наагул цяжка знайсьці чалавека, які цікавіцца мастацтвам як сутнасьцю. Бо калі запатрабаваная выяўленчая культура, адчуваеш, што разьвіваецца і грамадзтва ў гэтай краіне. А як падобнага няма, значыць, цішыня. Атрымліваем заробак, праядаем, сьпім і зноў ядзім. І так па крузе. Гэтага недастаткова. Мастацтва само па сабе мусіць мець важнае значэньне для ўнутранага сьвету чалавека, бо немагчыма жыць толькі фізіялягічнымі патрэбамі», — падсумоўвае народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў.
Леанід Шчамялёў запачаткаваў цэлую працоўную дынастыю — мастакоўскай справай гэтаксама займаюцца наступныя пакаленьні вядомага роду. У галерэі ягонага імя выстаўлена паўсотні працаў зь сямейнай калекцыі. Аўтарамі — дочкі Маргарыта і Людміла, зяць Ігар, унукі Антон і Кацярына.
Цяпер галерэя з поўным правам будзе мець статус мэмарыяльнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зьявіцца вуліца Ігара Лучанка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр мастак, майстар габэлену Ўладзімер Лісавенка