Друкарні ў розных гарадах адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выданьня. Як паведамляе БАЖ, праблемы ў выданьня ўзьніклі, калі Берасьцейская друкарня адмовілася працягваць дамову з «Брестской газетой» — пасьля 18 гадоў супрацы. Прычыны кіраўніцтва друкарні не патлумачыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Брестская газета» папрасіла чытачоў скасаваць падпіску на 2021 годУ выніку рэдакцыя ў канцы 2020 году зьвярнулася да сваіх чытачоў, каб яны анулявалі падпіску, аформленую на першую палову 2021-га. Паводле Віктара Марчука, гэта быў вымушаны крок, бо не было пэўнасьці, што можна будзе хутка знайсці альтэрнатыву.
Спробы дамовіцца зь іншымі друкарнямі плёну не далі, а шукаць варыянты з друкам у іншых краінах у рэдакцыі палічылі бессэнсоўным.
Такім чынам, «Брестская газета» прыпыняе выхад друкаванай вэрсіі выдання і засяродзіцца на асвятленьні падзеяў на сваім сайце і ў сацыяльных сетках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ: За год у Беларусі зьніклі шэсьць вядомых недзяржаўных газэтаўПаводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у краіне прыкладна раз на два месяцы закрываецца незалежнае выданьне. Асноўная прычына — палітычны ціск на рэдакцыі і эканамічны фактар.
Да новага году перасталі выпускацца шэсьць выданьняў. Прычым чатыры газэты спынілі выхад з грамадзка-палітычных прычын, бо ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская» і «Народная воля».
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».