У Горадні на маршы памяці Рамана Бандарэнкі затрымалі сем чалавек

Пратэстная акктыўнасьць у Горадні, архіўнае фота

Пратэстоўцы горадзенскіх мікрараёнаў Вішнявец, Фарты і Дзевятоўка зьбіраліся прайсьці маршам у памяць пра Рамана Бандарэнку ўвечары 12 студзеня, праз два месяцы па ягонай сьмерці.

Падчас маршу затрымалі сем чалавек. Вэрсіі відавочцаў і міліцыі адрозьніваюцца, піша Hrodna.life.

Як расказалі відавочцы, наперадзе калёны ў Вішняўцы ішлі хлопец зь дзяўчынай. Яны заўважылі сярод людзей знаёмых амапаўцаў у цывільным. Хлопец пачаў папярэджваць людзей, тыя сталі сыходзіць.

«Тады амапаўцы зразумелі, што пасткі не атрымалася, і пачалі хапаць выпадковых прысутных», — распавёў гарадзенец Hrodna.life.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзін зь людзей у чорным закрычаў, што ён з Расеі». У Горадні пачаўся суд за бойку з амапаўцамі ў верасьні

Меркавана гэта адбылося паміж 19:30 і 19:50. На марш сабралася ад 50 да 100 чалавек.

«Відавочцы перадаюць, што сярод ціхароў заўважылі жанчыну», — напісалі ўвечары 12 студзеня чытачы Hrodna.life.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля такога трэба зьвяртацца да псыхоляга». У Горадні азотаўцы спрабуюць аднавіцца на працы праз суд

Міліцыя прадставіла сытуацыю па-іншаму.

«Як толькі ўвечары невялікая група зь незарэгістраванай сымболікай пачала зьбірацца, паблізу пачулася каманда “Працуем, браты!”. У выніку затрымалі і даставілі ў РАУС сем удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства», — сказаў Яўген Дудко з прэс-службы УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

Міліцыя паведаміла, што, дзякуючы АМАП, маршы не адбыліся ў мікрараёнах Фарты і Дзевятоўка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі перашкодзілі правядзеньню акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен»

У дачыненьні да семярых горадзенцаў пачалі адміністрацыйны працэс. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Як паведамілі іх блізкім у Кастрычніцкім РАУС, выязных судовых пасяджэньняў у бліжэйшыя дні не плянуецца.

Сярод затрыманых — сямейная пара. Іхняя дачка засталася з бабуляй.