У дадатак да першага абвінавачаньня — «пагроза гвалту» ў дачыненьні пракуроркі, пэнсіянэра абвінавацілі і ў абразе гэтай службовай асобы.
Цяпер Уладзімер Няпомняшчых мае дзьве крымінальныя справы — па артыкуле 366 Крымінальнага кодэксу (гвалт ці пагроза гвалту службовай асобе) і па артыкуле 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Адвакат Сяргей Красноў удакладніў, што і ў «новым» абвінавачаньні пакуль няма канкрэтыкі — як менавіта Ўладзімер Няпомняшчых абразіў пракурорку Алесю Жураўлёву і якім чынам ён ёй пагражаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельніку прэзыдэнцкай кампаніі пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі за «пагрозу» пракурору«Уладзімер Міхайлавіч трымаецца бадзёра, дзякаваў усім за лісты і падтрымку. З нагоды новага абвінавачаньня ён толькі ўсьміхнуўся — бо не памятае, каб абражаў ці пагражаў пракурорцы», — зазначыў адвакат.
11 студзеня ягоная жонка і суседка атрымалі лісты ад Няпомняшчых. Ён піша ў лісьце суседцы:
«Перамога будзе за сьвятлом і праўдай. Цемра, якая агарнула Беларусь, хлусьня, подласьць і мярзота сыдуць — я ў гэтым упэўнены!»
З 23 сьнежня ў гомельскім СІЗА трымаюць пад вартай пэнсіянэра МУС, маёра міліцыі ў адстаўцы Ўладзімера Няпомняшчых, які зьбіраў подпісы за сваё вылучэньне на выбарах прэзыдэнта летась. Мінулай восеньню ён прысутнічаў на судзе над Георгіем Васіленкам, які замяніў на цэнтральнай плошчы чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы. У выніку тады Васіленку пакаралі «хіміяй».
Паводле абвінавачаньня, нібыта пасьля вынясеньня гэтага прысуду Няпомняшчых выказаў нейкую пагрозу ў бок пракуроркі Алесі Жураўлёвай, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачаньне.
«Сам Уладзімер Міхайлавіч кажа, што ня памятае таго моманту і ня памятае, каб выказваў пагрозы. Адзінае, што ён сказаў, гэта была агульная фраза кшталту „Арганізаваная злачынная групоўка“ ці „Вы за ўсё адкажаце“, і тое не адрасна ў бок пракурора», — удакладняў раней адвакат.