У мінулыя выходныя, 9–10 студзеня, у прыёмны пакой РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі, на базе якога працуе Рэспубліканскі цэнтар дзіцячай нэўрахірургіі, зьвярнуліся больш за 40 дзяцей, траўмаваных пры катаньні на т'юбах. 11 студзеня такіх пацярпелых было 16, зь іх 6 шпіталізавалі, піша «Минск-Новости».
«У пацярпелых лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы, страсеньні, лёгкія пераломы. Але гэта пакуль. Два гады таму да нас паступілі двое дзяцей зь цяжкімі чэрапна-мазгавымі траўмамі, атрыманымі пры т'юбінгу», — адзначыў кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру дзіцячай нэўрахірургіі Міхаіл Талабаеў.
Паводле яго, у Беларусі ў апошнія 5 гадоў так званая «т'юбінгавая траўма» выйшла на першае месца сярод зімовых, таму вельмі важна, каб дзяцей кантралявалі дарослыя.
Выканаўца абавязкаў загадчыка прыёмнага аддзяленьня РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Андрэй Ярашэвіч дадаў, што кожны дзень у гэты цэнтар зьвяртаюцца 5–6 чалавек з траўмамі пазваночніка, атрыманымі пры катаньні на т'юбах. Як правіла, гэта кампрэсійныя пераломы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пухавіцкім раёне хлопчык пайшоў катацца з горкі і зваліўся ў закінуты калодзеж