Чаму Ўкраіна пачала набываць электраэнэргію зь Беларусі
Да 31 сьнежня мінулага году Ўкраіна не магла набываць беларускую электраэнэргію, бо на заканадаўчым узроўні існавала забарона на імпарт. З новага году такой забароны няма, таму пастаўкі зь Беларусі ўзнавіліся. Гаворка ідзе аб 150 мэгаватах у гадзіну, але гэты аб’ём можа павялічвацца.
«На ранак 11 студзеня Ўкраіна набывала 150 мэгават у гадзіну зь Беларусі, але, паводле трэйдэраў, можа даходзіць да 300 мэгават у гадзіну. Магутнасьць першага энэргаблёку беларускай АЭС — 1200 мэгават у гадзіну», — кажа аналітык украінскай кансалтынгавай кампаніі EXPRO Дзьмітрый Сідараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна аднавіла пастаўкі беларускай энэргіі. Дэпутаты парлямэнту супрацьТакім чынам, Украіна можа набываць да 25% электраэнэргіі, якую выпрацоўвае першы энэргаблёк Астравецкай АЭС.
Паводле Дзьмітрыя Сідарава, для Ўкраіны «гэтыя аб’ёмы не вялікія», але «граюць ролю для паніжэньня цаны на электраэнэргію ва Ўкраіне».
Украіна можа перастаць набываць электраэнэргію праз 2 гады
З 2023 году Ўкраіна мусіць інтэгравацца ў эўрапейскую энэргасыстэму, і тады ўжо ня зможа набываць электраэнэргію ў Беларусі і Расеі.
«Па нашых плянах, мы мусім адлучыцца ад Беларусі і Расеі і працаваць у ізаляваным рэжыме, а пасьля мы мусім спыніць гандаль электраэнэргіяй зь Беларусьсю і Расеяй», — кажа Дзьмітрый Сідараў.
Куды яшчэ Беларусь прадавала і зможа прадаваць энэргію
За студзень-кастрычнік мінулага году Беларусь экспартавала электраэнэргіі на 3,2 мільёна даляраў. Амаль усю — у Літву (59 мільёнаў кіляват у гадзіну з агульнага аб’ёму 60 мільёнаў). Зусім нязначныя аб’ёмы ішлі ў Эстонію і Ўкраіну (хутчэй не камэрцыйныя пастаўкі, а аварыйныя ператокі энэргіі).
Сёлета Літва і іншыя краіны Балтыі адмовіліся ад беларускай электраэнэргіі з прычыны канфлікту вакол будаўніцтва беларускай АЭС. Літоўскі бок рэзка супраць суседзтва з такой станцыяй і мае пытаньні да працэдуры будаўніцтва.
«Пастаўкі ва Ўкраіну зьмяншаюць страты, але не выводзяць на рэнтабэльнасьць»
Закупы электраэнэргіі Ўкраінай «ня вельмі ўстойлівыя», пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
«За апошні час Украіна то пачынала купляць электраэнэргію зь Беларусі, то пераставала, там гэтае пытаньне палітызаванае. Калі плянавалася станцыя, разьлічвалі на поўны экспарт, а не частковы. Чвэрць энэргіі з аднаго энэргаблёку ня робіць праект прыбытковым і не вырашае пытаньня, куды пастаўляць астатняе», — кажа Вадзім Іосуб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар энэргетыкі Літвы абвінаваціў Латвію ў куплі энэргіі з Астравецкай АЭСУ Польшчу прадаваць электраэнэргію Беларусь ня можа, бо гэта немагчыма тэхнічна, там перайшлі на іншы стандарт трафіку электраэнэргіі. Расея сама экспартэр энэргіі, а краіны Балтыі ад імпарту энэргіі зь Беларусі адмовіліся, хоць Літва і абвінавачвае Латвію ў парушэньні гэтай дамовы.
Застаецца толькі Ўкраіна, якая можа набываць 25% ад энэргіі першага энэргаблёку. Другі энэргаблёк плянуецца запусьціць у 2022 годзе.
З 1 студзеня для беларусаў даражэе электрычнасьць, нягледзячы на запуск АЭС. Рост складзе прыкладна 10%. Таксама стала платнай зарадка электрамабіляў, якая была бясплатнай з 2014 году.