Некалькі дзясяткаў работнікаў «Гродна Азоту» звольнілі за прагулы пасьля таго, як яны далучыліся да страйку 26 кастрычніка. Беларускі незалежны прафсаюз работнікаў «Гродна Азоту» падаў пазоў у суд, каб аднавіць некаторых на працы. Сярод іх — Дзьмітры Барабан, Артур Богуш, Юры Борыс, Вадзім Венскі, Аляксей Дарагі, Уладзімер Жураўка, Дзьмітры Клыкаў, Яўгенія Кузікевіч, Андрэй Пагерыла, Міхал Рачынскі, Аляксей Сідар, Яўген Хмялеўскі, Сяргей Шэлест.
Галоўная прычына пазову, паводле прадстаўніка незалежнага прафсаюзу, — людзей звольнілі без папярэдняй згоды незалежнага прафсаюзу, да таго ж некаторыя былі ў момант звальненьня на бальнічным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнены «азотавец» пра небясьпеку на прадпрыемстве: «У людзей нэрвы не жалезныя»Прадстаўнікі «Гродна Азоту» заявілі, што паводле калектыўнай дамовы няма неабходнасьці ўзгадняць звальненьні зь незалежным прафсаюзам.
Юры Борыс адзначыў, што ўжо знайшоў працу і аднаўляцца на «Азоце» не плянуе.
«Мне пагражалі. Людзей білі. Мне было страшна. Я як дарослы чалавек не магу сябе так прыніжаць. Я хаджу на прадпрыемства, зарабляю для яго грошы», — патлумачыў Борыс сваё рашэньне перастаць хадзіць на працу пасьля затрыманьняў азотаўцаў-страйкоўцаў 26 кастрычніка.
Вадзім Венскі так і не зразумеў, за што яго звольнілі. «Я б хацеў ведаць, што сказаць дзецям», — адзначыў ён.
Венскі заявіў, што баяўся ісьці пасьля працы дахаты 26 кастрычніка, бо побач з прадпрыемствам стаяла вайсковая машына, а ранкам амапаўцы жорстка затрымлівалі калег.
Аляксей Дарагі расказаў, што 26 кастрычніка завёз жонку на працу і заехаў пад прахадную «Азота» зьняць грошы з банкамата, ён тады меў выходны.
«Я не разумею, якую шкоду я прынёс, што незаконнага зрабіў. Столькі гадоў працаваў без адзінай заўвагі, прыйшоў на працу, а пропуск не працуе», — кажа Дарагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гродна Азот» пакінулі штрайкбрэхеры, якія замянялі ўдзельнікаў нацыянальнага страйкуЯўгенія Кузікевіч расказала, што далучылася да страйку і не хадзіла на працу, бо адчувала сябе ў небясьпецы. 26 кастрычніка яе з хворай нагой затрымаў АМАП. «Гэта жах, цяжка апісаць. Пасьля такога трэба да псыхоляга зьвяртацца... Каго прадстаўляюць гэтыя людзі ў форме і бронекамізэльках, што кажуць мне працаваць?», — кажа Кузікевіч.
Андрэй Пагерыла і Сяргей Шэлест адседзелі па 10 сутак за тое, што ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг на тэлевышцы ў канцы верасьня. Яны зьдзівіліся, што час у ізалятары прыраўналі да прагулаў толькі празь месяц. Цэлы месяц іхныя «суткі» не перашкаджалі ім працаваць.
Аляксей Сідар расказаў, што прыйшоў на працу 28 кастрычніка і ўбачыў загазаванасьць на працоўным месцы. Папрасіў у начальства зрабіць нармальныя ўмовы для працы, падкрэсьліў, што ён не адмаўляўся працаваць, але адмаўляўся прыступаць да працы ў такіх умовах. Яго звольнілі за прагул.
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Слашчоў. Наступнае паседжаньне адбудзецца 18 студзеня.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.