Паводле апытаньня, праведзенага казахстанскім інстытутам «Грамадзкая думка», кіроўная партыя набірае больш за 70 працэнтаў галасоў, у парлямэнт праходзяць яшчэ дзьве партыі — «Ак жол» і Народная (былая Камуністычная). Гэтыя партыі, ляяльныя ўладам, прадстаўленыя і ў цяперашнім складзе Мажыліса. Яшчэ дзьве партыі, згодна з экзыт-полу, у парлямэнт не трапляюць. Яўка, па афіцыйных дадзеных, склала 63 адсоткі.
Выбары ў Мажыліс — першыя пасьля сыходу Назарбаева з пасады прэзыдэнта і ўступленьня на пасаду Касым-Жамарта Такаева ў 2019 годзе. Сілы, апазыцыйныя палітыцы Назарбаева і яго пераемніку, у выбарах ня ўдзельнічалі.
Падчас дня галасаваньня — 10 студзеня — у Алматы, Нур-Султане і іншых гарадах прайшлі некалькі акцый пратэсту, на якіх гучалі заклікі да байкоту. Некалькі дзясяткаў іх удзельнікаў затрымалі, аднак пасьля адпусьцілі. Паведамляецца таксама пра нядопуск на ўчасткі незалежных назіральнікаў. Улады заявілі пра адсутнасьць парушэньняў.
Міжнародныя назіральнікі не прызнавалі папярэднія выбары ў Казахстане свабоднымі і сумленнымі, паказваючы на падаўленьне апазыцыі і фальсыфікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Садыр Джапараў перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах у Кіргізстане