Акцыі пратэсту былі найбольш масавымі ў Менску, дзе яны пачаліся ад самай раніцы ў розных раёнах гораду з выкарыстаньнем нацыянальнай бел-чырвона-белай сымболікі.
Агулам у Менску прайшло больш за дзясятак акцый пратэсту, пра якія ў Свабоды ёсьць фота- і відэасьведчаньні.
У пратэстах узялі ўдзел каля тысячы чалавек. Адной зь першых стала акцыя ў менскай Серабранцы, дзе людзі сабраліся яшчэ цёмначы.
Людзі скандавалі падчас шэсьцяў: «У год быка без пацука!», «Верым! Можам! Пераможам!», «Жыве Беларусь!».
Маршы, пікеты і флэшмобы прайшлі таксама ў Берасьці, Віцебску, Горадні, Магілёве, Маладэчне, Наваградку і іншых вялікіх і малых паселішчах Беларусі. У Фаніпалі адбылася танцавальная акцыя, у Валожынскім раёне на засьнежаным полі невядомыя намалявалі вялікі нацыянальны сьцяг і надпіс «Жыве!».
Больш за месяц людзі не праводзяць адзінай масавай акцыі ў Менску зь меркаваньняў бясьпекі. Сілавікі не пасьпяваюць разганяць дваровыя акцыі, якія не кіруюцца з аднаго цэнтру. Затрыманых цяпер мала, станцыі мэтро не зачыняюцца, мабільны інтэрнэт не адключаюць.
10 студзеня валянтэры ініцыятывы «Сьпісы затрыманых» сабралі прозьвішчы 3 затрыманых на акцыях пратэсту.