Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна сваім сябрам і што гуляе зь ім у адной камандзе і ў спорце, і ў палітыцы.
«Ён не гуляе са мной у розных [камандах]. У палітыцы — у прынцыпе, так. Нас загналі ўжо намёртва ў адну каманду», — сказаў Лукашэнка.
«Так, я яго лічу сваім сябрам, і ў гэтым годзе (2020-м) ён пацьвердзіў, што зьяўляецца ня толькі маім сябрам, але і сябрам беларускага народу. Шчыра», — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне тэлеканалу «Россия-1».
На просьбу назваць тых, каго яшчэ лічыць сваімі сябрамі, Лукашэнка адказаць ня змог:
«Цяжкае пытаньне. Я над ім вельмі шмат разоў задумваўся, прыходжу да высновы, што, напэўна, няма», — сказаў ён. На пытаньне пра ворагаў Лукашэнка заявіў, што ў яго «праціўнікаў вельмі шмат».
«Ці сталі яны ворагамі, напэўна, час пакажа», — дадаў ён.
Лукашэнка таксама сказаў, што «ня парыцца» наконт магчымага скасаваньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску:
«Мы асабліва ня парымся. Пройдзе — пройдзе, ня пройдзе — ня пройдзе. Але падстаў, каб ён не прайшоў, на мілімэтар няма. Гэта будзе ганьба поўная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паабяцаў праект новай Канстытуцыі Беларусі да канца году