Некаторыя лічаць, што ў выпадку пачатку працэдуры за адстаўку Трампа прагаласуюць нават тыя сэнатары, якія раней падтрымалі яго. Большасьць, аднак, перакананыя, што наўрад ці сама працэдура можа быць распачатая — да інаўгурацыі Джо Байдэна застаецца менш за два тыдні.
І тым ня менш, такая верагоднасьць застаецца. У прэсу ўжо патрапіў праект абгрунтаваньня імпічмэнту, вядома, што за гэта выказвалася сьпікер ніжняй палаты Канрэсу Нэнсі Пэлосі. Яна прапанавала перадаць паўнамоцтвы віцэ-прэзыдэнту Майку Пэнсу (ён не ўхваліў штурм Капітолія).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачалі расьсьледаваць штурм КапітоліяПаводле Канстытуцыі, у выпадку, калі прэзыдэнт прызнаецца няздольным выконваць свае абавязкі (скажам, знаходзіцца пад агульным наркозам у часе апэрацыі), іх часова выконвае віцэ-прэзыдэнт. Але ў выпадку імпічмэнту (г.зн. калі прэзыдэнт адхіляецца ад улады назаўсёды) — віцэ-прэзыдэнт заступае на пасаду. Хоць бы нават да інаўгурацыі новаабранага заставалася некалькі дзён.
У амэрыканскай гісторыі віцэ-прэзыдэнт рабіўся гаспадаром Белага дому ў выніку забойства, сьмерці альбо добраахвотнай адстаўкі дзевяць разоў.
Пры жыцьці маіх амэрыканскіх равесьнікаў такое адбывалася двойчы.
У 1963-м, калі замест забітага Джона Кэнэдзі на пасаду прэзыдэнта заступіў Ліндан Джонсан; прысягу ён прыняў праз некалькі гадзінаў пасьля стрэлаў у Даласе, на борце самалёту. На фотаздымках гэтай падзеі побач з Джонсанам, які паклаў руку на Біблію, была Жаклін Кенэдзі — ейны ружовы гарнітур у крыві забітага мужа.
У 1974-м прэзыдэнт Рычард Ніксан пайшоў у адстаўку пад пагрозай імпічмэнту. Гісторыя пачалася з выяўленьня праслухоўваючых «жучкоў» у офісе канкуруючай партыі («Якая дробязь, я загадаў паставіць іх паўсюль яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, і — нічога!», — абурыўся б кіраўнік адной краіны). На пасаду заступіў Джэральд Форд (які, дарэчы, і віцэ-прэзыдэнтам не абіраўся, а стаў ім замест сышоўшага ў адстаўку з-за карупцыйнага скандалу Сьпіра Агню).
Аматары кансьпіралёгіі могуць заўважыць, што забойца Кенэдзі Освальд жыў у Менску, а Ніксан за месяц да адстаўкі наведаў Менск у рамках візыту ў СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рассакрэчвалі справу Освальда ў МенскуУ выпадку, калі імпічмэнт адбудзецца, Пэнс будзе абавязаны прынесьці прысягу як прэзыдэнт. Але пакуль, як выглядае, ён не выяўляе да гэтага зацікаўленьня. Што асабіста ў мяне выклікае вялікую павагу.
Бо што, па сутнасьці, прапаноўвалася Пэнсу?
Зрабіцца 46-м прэзыдэнтам ЗША, адзін тыдзень пабыць самым уплывовым чалавекам у сьвеце.
Так, усяго на адзін тыдзень, але ўвайсьці ў гісторыю Амэрыкі менавіта як прэзыдэнт. Віцэ-прэзыдэнты таксама фігуры гістарычныя, інстытуцыі віцэ-прэзыдэнцтва прысьвечаныя галіны юрыдычных, палітычных, біяграфічных дасьледаваньняў, але...
Але гэта, пагодзімся, ня тое. Ну вось хоць бы такая самая што ні ёсьць дробязь. У амэрыканскіх крамах безьліч сувэніраў, самых розных, з выявамі ўсіх сарака пяці амэрыканскіх прэзыдэнтаў — кашулі, чахлы для тэлефонаў, кубкі (сам такія маю, нават два). Сувэніраў з выявай «віцэ» — ня бачыў ніколі.
Пэнс адмовіўся ад такога гонару. Які, як мне падаецца, увёў бы яго ў пантэон прэзыдэнтаў у большай ступені як казус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія астранаўты вернуцца на Месяц да 2024 году, — віцэ-прэзыдэнт ЗШАГэты тэкст я меркаваў назваць «Сапраўдны герой Амэрыкі» — таму, што Пэнс не пажадаў увайсьці ў гісторыю як прэзыдэнт у выніку зьбегу акалічнасьцяў.
Але потым прыгадаў узрост Пэнса.
Сёньня Трампу 74, Байдэну — 78. Праз чатыры гады, калі адбудуцца наступныя прэзыдэнцкія выбары, Пэнсу будзе 65. У цяперашніх амэрыканскіх палітычных рэаліях перад лічбай варта ўжыць слова «толькі».
Думаю, чытачы зразумелі, што я маю на ўвазе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія магчымыя наступствы Акту аб дэмакратыі ў БеларусіДумкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.