Пра гэта паведамляе Reuters. Агенцтва вядзе падлік выпадкаў COVID-19, абапіраючыся на зводныя дадзеныя нацыянальных урадаў.
Расея на першым месцы з эўрапейскіх краін па ліку інфіцыраваных — вірус быў выяўлены ў больш за 3 мільёны 300 тысяч жыхароў краіны. Больш за мільён выпадкаў COVID-19 было выяўлена ў 8 эўрапейскіх краінах, сярод якіх Украіна.
Больш за 550 тысяч жыхароў Эўропы, па афіцыйных дадзеных, памерлі ад каранавіруснай інфэкцыі і яе наступстваў. У Эўропе жыве толькі дзясятая частка насельніцтва Зямлі, аднак на яе прыпадае каля 30 адсоткаў усіх выпадкаў інфікаваньня каранавірусам і хіба што крыху менш сьмерцяў.
Шэраг эўрапейскіх краінаў у апошнія дні працягнулі дзейсныя карантынныя захады ці зрабілі іх больш жорсткімі. У Нямеччыне, дзе за апошнія суткі ад COVID-19 памерлі больш за 1000 чалавек, нацыянальны локдаўн падоўжаны да канца студзеня. У Францыі рэстараны і кавярні, а таксама гарналыжныя спускі будуць зачыненыя як мінімум да 20 студзеня. Абмежаванае таксама перамяшчэньне праз француска-брытанскую мяжу. У Брытаніі агульнанацыянальны локдаўн быў уведзены некалькімі днямі раней.
У Брытаніі і краінах ЭЗ у сьнежні пачалася вакцынацыя ад каранавіруснай інфэкцыі. Пакуль прышчапляюць людзей з групы рызыкі. У краінах ЭЗ, у тым ліку Францыі і Нямеччыне гучыць крытыка на адрас уладаў, якіх абвінавачваюць у павольным пачатку масавай вакцынацыі. Пакуль прышчэплена менш за 1 працэнт насельніцтва ЭЗ і каля 2-х адсоткаў брытанцаў.