Трамп заявіў, што перадасьць уладу Байдэну, хоць і ня згодны з вынікамі выбараў

Дональд Трамп выступае перад прыхільнікамі ў Вашынгтоне 6 студзеня

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што забясьпечыць належную перадачу ўлады Джо Байдэну ў дзень інаўгурацыі 20 студзеня 2021 года.

«Нягледзячы на тое, што я цалкам ня згодны з вынікамі выбараў, і на тое, што маё меркаваньне падмацавана фактамі, 20 студзеня ў нас будзе належная перадача ўлады», — гаворыцца ў яго заяве, якую зьмясьціў у сваім Твітэры прадстаўнік Белага Дому Дэн Скавіна.

Раней уначы абедзьве палаты Кангрэсу ЗША пераважнай колькасьцю галасоў пацьвердзілі вынікі выбараў у ЗША, сэртыфікаваўшы перамогу Джо Байдэна над Дональдам Трампам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША канчаткова зацьвердзіў перамогу Байдэна. Трамп зьмірыўся

Паседжаньне прыйшлося перапыніць, а кангрэсмэнаў эвакуаваць пасьля таго, як натоўп радыкальных прыхільнікаў Дональда Трампа ўварваўся ў будынак Кангрэсу ЗША — Капітолій. Гэтаму папярэднічаў выступ самаго Трампа перад натоўпам каля Капітолія. Праз чатыры гадзіны Нацгвардыя выцесьніла радыкальных пратэстоўцаў з Капіталійскага пагорка. У амэрыканскай сталіцы ўвялі надзвычайнае становішча. Чатыры чалавекі загінулі, 52 затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа. Што адбылося

Сацсеткі выдалілі пасты Трампа і часова заблякавалі яго акаўнты

Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн рэзка асудзіў гвалт і заклікаў дзейнага прэзыдэнта адклікаць сваіх прыхільнікаў.

Праз некаторы час Трамп апублікаваў відэа, у якім папрасіў людзей разысьціся, аднак і ў ім ён паўтарыў, што выбары былі «скрадзеныя» (насуперак адсутнасьці канкрэтных доказаў), а пагромшчыкаў назваў «асаблівымі людзьмі» і паспачуваў ім.

Прыхільнікі Трампа ў Капітоліі

Пазьней ён апублікаваў яшчэ адзін твіт з нагоды «скрадзенай» у яго «сакрушальнай перамогі». Twitter спачатку пазначыў гэтыя запісы як тыя, што не адпавядаюць рэчаіснасьці, потым выдаліў іх, а пасьля на 12 гадзін адабраў у Трампа доступ да яго акаунта. Facebook таксама выдаліў зварот Трампа і заблякаваў яго рахунак на суткі. Instagram далучыўся да сутачнай блякіроўкі.


Як адрэагавалі іншыя палітыкі

З асуджэньнем штурму выступілі некалькі рэспубліканцаў, у тым ліку былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і сэнатар Міт Ромні. Былыя прэзыдэнты-дэмакраты Барак Абама і Біл Клінтан наўпрост абвінавацілі Трампа ў падбухторваньні да гвалту. Рыторыку Трампа асудзіў і былы міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс. Некалькі супрацоўнікаў Белага дома сышлі ў адстаўку.

Узнаўляючы пасяджэньне Кангрэсу, дзейны віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс заявіў, што перамагае ня гвалт, а свабода.

Майк Пэнс выступае ў сэнаце