Сэртыфікацыя з боку Кангрэсу — гэта абавязковы фінальны этап зацьвярджэньня абранага прэзыдэнта ў ЗША. Яго правядзеньне патрабуе амэрыканская Канстытуцыя. Кангрэсмэны павінны сэртыфікаваць вынікі галасаваньня Калегіі выбаршчыкаў, якое адбылося 14 сьнежня.
Паседжаньне прыйшлося перапыніць, а кангрэсмэнаў эвакуаваць пасьля таго, як натоўп радыкальных прыхільнікаў Дональда Трампа ўварваўся ў будынак Кангрэсу ЗША — Капітолій. Праз чатыры гадзіны Нацгвардыя выцесьніла радыкальных пратэстоўцаў з Капіталійскага пагорка. У амэрыканскай сталіцы ўвялі надзвычайнае становішча. Чатыры чалавекі загінулі, 52 затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа. Што адбылосяУзнаўляючы пасяджэньне Кангрэсу, дзейны віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс заявіў, што перамагае ня гвалт, а свабода.
У ходзе дэбатаў многія рэспубліканцы заклікалі калегаў па партыі адмовіцца ад прэтэнзій да вынікаў выбараў, а дэмакраты — да датэрміновай адстаўкі Трампа альбо шляхам імпічмэнту, альбо праз 25-ю папраўку да Канстытуцыі, якая дазваляе ўскласьці прэзыдэнцкія абавязкі на іншага чалавека ў выпадку няздольнасьці дзейнага прэзыдэнта іх выконваць.
Каля апоўначы 6 студзеня абедзьве палаты Кангрэсу ЗША пераважнай колькасьцю галасоў пацьвердзілі вынікі выбараў у Арызоне. Некалькі заканадаўцаў-рэспубліканцаў, якія зьбіраліся выступіць супраць прызнаньня вынікаў, прагаласавалі «за», асудзіўшы такім чынам спробу прыхільнікаў прэзыдэнта Трампа сарваць адабрэньне Кангрэсам вынікаў выбараў.
Пазьней Сэнат Кангрэсу ЗША адхіліў пярэчаньні па выніках галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у штаце Пэнсільванія. За адхіленьне пярэчаньняў прагаласавалі 92 сэнатары, яшчэ сямёра гэтыя пярэчаньні падтрымалі. У Пэнсільваніі Джо Байдэн перамог, абышоўшы Дональда Трампа прыкладна на 80 тысяч галасоў.
Пярэчаньні таксама былі зьнятыя па галасаваньні ў штатах Нэвада, Мічыган, Джорджыя. Пасьля гэтага сэнатары прынялі агульнае рашэньне: 46-м прэзыдэнтам ЗША становіцца Джо Байдэн.
Інаўгурацыя Джо Байдэна павінна адбыцца 20 студзеня.
Трамп заявіў, што перадасьць уладу Байдэну, хоць і ня згодны з вынікамі выбараў
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што забясьпечыць належную перадачу ўлады Джо Байдэну ў дзень інаўгурацыі 20 студзеня 2021 года.
«Нягледзячы на тое, што я цалкам ня згодны з вынікамі выбараў, і на тое, што маё меркаваньне падмацавана фактамі, 20 студзеня ў нас будзе належная перадача ўлады», — гаворыцца ў яго заяве, якую зьмясьціў у сваім Твітэры прадстаўнік Белага Дому Дэн Скавіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што перадасьць уладу Байдэну, хоць і ня згодны з вынікамі выбараўЯк на падзеі ў Вашынгтоне адрэагавалі Байдэн і іншыя палітыкі
Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн рэзка асудзіў гвалт і заклікаў дзейнага прэзыдэнта адклікаць сваіх прыхільнікаў.
З асуджэньнем штурму выступілі некалькі рэспубліканцаў, у тым ліку былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і сэнатар Міт Ромні. Былыя прэзыдэнты-дэмакраты Барак Абама і Біл Клінтан наўпрост абвінавацілі Трампа ў падбухторваньні да гвалту. Рыторыку Трампа асудзіў і былы міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс. Некалькі супрацоўнікаў Белага дома сышлі ў адстаўку.
Дэмакраты таксама атрымалі кантроль над Сэнатам
Сталі вядомыя канчатковыя вынікі другога туру выбараў у Сэнат у двух акругах у штаце Джорджыя. Ад іх залежала, якая партыя будзе кантраляваць верхнюю палату Кангрэса ЗША.
Перамогу атрымалі дэмакраты Джон Осаф (33-гадовы былы журналіст) і Рафаэль Уорнак (51-гадовы пастар стаў першым чарнаскурым сэнатарам ад гэтага некалі канфэдэрацкага штата).
Цяпер у дэмакратаў і рэспубліканцаў па 50 месцаў у Сэнаце, і ў выпадку роўнага галасаваньня, лёс законапраекту будзе вызначаць голас віцэ-прэзыдэнта, а гэтую пасаду пасьля 20 студзеня будзе займаць дэмакрат Камала Харыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакраты атрымалі поўны кантроль над кангрэсам ЗША