Беларускую незалежную прэсу напаткаў новы віток нягодаў, перасталі выпускацца адразу шэсьць выданьняў. Прычым чатыры газэты спынілі выхад з грамадзка-палітычных прычын, бо ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі, паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская» і «Народная Воля».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баяцца страціць бізнэс». Маскоўскія друкарні адмовіліся супрацоўнічаць з «Народнай воляй» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі недзяржаўнай «Газеты Слонімскай» правялі ператрус, забралі кампутары, паралізавалі працуФінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэта «Вольнае Глыбокае» спыніла выхад пасьля 26 гадоў працыРаспаўсюджанасьць інтэрнэт-крыніцаў зрабіла выданьне друкаваных СМІ нявыгадным, адзначыў Гарэцкі. У той жа час, дадаў ён, такі фармат «усё яшчэ запатрабаваны», бо ў многіх беларускіх рэгіёнах газэты захоўваюць свае наклады.
«Гэта Intex-press у Баранавічах, „Информ-прогулка“ ў Лунінцы, „Рэгіянальная газета“ ў Маладэчне. Гэтыя выданьні — вядучыя пастаўшчыкі незалежнай грамадзка-палітычнай інфармацыі ў сваім рэгіёне. У часы тэлеграм-каналаў і інтэрнэт-мэдыя людзі сочаць за парадкам дня праз інтэрнэт, але большасьць мясцовых навінаў, нават у рэспубліканскай прэсе, зьяўляецца дзякуючы незалежным мясцовым выданьням», — кажа намесьнік старшыні БАЖ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэты, якія маюць праблемы з друкам у Беларусі, далі чытачам магчымасьць чытаць іх бясплатна ў PDF-вэрсііМногія рэклямадаўцы ў рэгіёнах хочуць разьмяшчаць абвесткі менавіта ў друкаванай прэсе. У цэлым жа рэклямныя прыбыткі рэгіянальных незалежных СМІ падаюць, сказаў прадстаўнік Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя мас-мэдыя» і галоўны рэдактар газэты Intex-press Уладзімер Янукевіч.
Па дадзеных на кастрычнік 2020 году, друкаваныя выданьні Асацыяцыі ў сярэднім страцілі 32% даходаў ад рэклямы ў параўнаньні з кастрычнікам 2019-га. Онлайн-рэсурсы зазналі меншыя страты — каля 23%. Пры гэтым даходы ад продажу газэтаў упалі на 10%. Сярэдні наклад адной газэты з сакавіка па кастрычнік 2020-га зьменшыўся з 5,35 тысячы да 4,89 тысячы.
Пры гэтым, адзначыў Янукевіч, выбары і пратэсты пасьля іх паказалі, што незалежныя рэгіянальныя выданьні маюць давер людзей.
«Калі пачаўся падзел грамадзтва па палітычных перавагах, мы ўбачылі калясальную патрэбу ў незалежнай інфармацыі. Гэта людзі, якія нячаста карыстаюцца інтэрнэтам, у сілу абмежаваньняў па зроку аддаюць перавагу папяровым носьбітам. Гэтая аўдыторыя захоўваецца, і зь ёй трэба працаваць», — падкрэсьліў Уладзімер Янукевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці ў рэдактара незалежнага выданьня «Першы рэгіён» правялі ператрус, самога яго забралі на допыт