Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, як выглядае, рабіў ціск на кіраўніка выбарчай камісіі штату Джорджыя, каб той «знайшоў» яму галасы і зьмяніў вынік выбараў у гэтым паўднёвым штаце ЗША. Тым часам саюзьнікі Трампа ў Кангрэсе плянуюць пярэчыць афіцыйнаму пацьверджаньню перамогі абранага прэзыдэнта Джо Байдэна пазьней на гэтым тыдні.
З набліжэньнем дня інаўгурацыі Байдэна 20 студзеня Трамп актывізуе намаганьні, каб не дапусьціць традыцыйнай працэдуры перадачы ўлады.
Нягледзячы на заявы Трампа аб фальсыфікацыях на выбарах, дзяржаўныя чыноўнікі настойваюць на адсутнасьці фактаў фальсыфікацый і іншых праблем, якія маглі б паўплываць на вынікі. Штаты зацьвердзілі іх як справядлівыя і сапраўдныя. З больш як 50 судовых пазоваў, якія прэзыдэнт і яго саюзьнікі падалі, каб аспрэчыць вынікі выбараў, амаль усе былі адхіленыя або не прынятыя. Трамп таксама двойчы прайграў у Вярхоўным судзе ЗША.
У тэлефанаваньні, зьмест якога апублікавала выданьне Washington Post 3 студзеня, можна пачуць, як Трамп цісьне на дзяржаўнага сакратара штату Джорджыя Брэда Рафэнспэргера, свайго калегу-рэспубліканца, каб той «знайшоў» яму больш галасоў.
«Вось усё, што я хачу, каб было зроблена: я проста хачу знайсьці 11 780 галасоў, што на адзін больш, чым мы маем», — кажа Трамп, згодна з тэкстам размовы. «Ня будзе нічога дрэннага ў тым, калі вы скажаце, што проста перападлічылі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ЗША адхіліў пазоў Трампа аб пераглядзе вынікаў прэзыдэнцкіх выбараўШтат правёў тры асобныя падлікі галасоў, у выніку чаго былі атрыманы два афіцыйныя пасьведчаньні аб перамозе Байдэна. Канчатковыя вынікі паказваюць, што Байдэн набраў на 11 779 галасоў больш, чым Трамп з амаль 5 мільёнаў пададзеных.
«Спадар прэзыдэнт, праблема ў тым, што дадзеныя, якія вы маеце, няправільныя», — чуецца адказ Рафэнспэргера Трампу падчас размовы.
Белы дом ад камэнтароў адмовіўся. Офіс Рафэнспэргера не адказаў на просьбы даць камэнтар.
Перамога ў Джорджыі Трампа ўсё роўна б не ўратавала
Адвакаты Трампа ня мелі посьпеху на працягу апошніх двух месяцаў, калі яны рабілі ціск на чыноўнікаў у Мічыгане, Арызоне, Пэнсыльваніі і іншых штатах, дзе кандыдаты мелі блізкія вынікі, каб адмяніць яго паразу.
Боб Баўэр, старэйшы дарадца Байдэна, сказаў, што ў запісе зафіксаваная «ўся ганебная гісторыя пра атаку Дональда Трампа на амэрыканскую дэмакратыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп зноў заявіў пра непрызнаньне перамогі БайдэнаНават калі б Трамп выйграў 16 галасоў электараў Джорджыі, ён усё роўна прайграў бы прэзыдэнцтва Байдэну. Былы віцэ-прэзыдэнт перамог з істотнай перавагай 306 на 232 у калегіі электараў, і атрымаў перавагу больш чым на 7 мільёнаў галасоў ва ўсеагульным галасаваньні.
Перамога з малой перавагай былога віцэ-прэзыдэнта ў Джорджыі ўмацавала надзею дэмакратаў на тое, што 5 студзеня яны могуць выйграць другі тур галасаваньня за два месцы ў Сэнаце ад гэтага штату. Такі вынік даў бы іх партыі кантроль над Кангрэсам.
Сымбалічны пратэст рэспубліканцаў з «нулявымі шанцамі» на посьпех
Тэлефанаваньне Трампа адбылося за некалькі дзён да таго, як дзясятак рэспубліканцаў у Сэнаце і да 100 рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў плянуюць аспрэчыць галасаваньне ў калегіі электараў, калі Кангрэс зьбярэцца на супольнае пасяджэньне 6 студзеня, каб зацьвердзіць перамогу Байдэна на выбарах.
Сэнатар Тэд Круз кіруе спробамі некалькіх рэспубліканскіх заканадаўцаў стварыць камісію для рэвізіі вынікаў галасаваньня.
Гэты крок разглядаецца як збольшага сымбалічны пратэст, яго не падтрымліваюць лідэры рэспубліканцаў у Сэнаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 амэрыканскіх сэнатараў аспрэчаць перамогу Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарахСэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм, перакананы прыхільнік Трампа, заявіў 3 студзеня, што ініцыятыва Круза мае «нулявыя шанцы» на посьпех.
Лідэр Дэмакратычнай партыі ў Сэнаце Чак Шумэр заявіў у Твітэры, што калі Круз і «яго банда» хочуць расьсьледаваць фальсыфікацыі на выбарах, яны мусяць пачаць з тэлефанаваньня Трампа Рафэнспэргеру.