Падазраваны ў арганізацыі выбуху ў Нэшвіле, падобна, верыў у іншаплянэцянаў і рэптылоідаў

На месцы выбуху ў Нэшвілі

Фэдэральнае расьсьледаваньне выбуху ў Нэшвіле на Каляды выявіла сьведчаньні таго, што меркаваны арганізатар выбуху верыў у іншаплянэцянаў і рэптылоідаў.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў розных узроўняў спрабавалі вызначыць, чаму 63-гадовы падазраваны Энтані Ўорнэр, які памёр у выніку выбуху, прывёў у дзеяньне бомбу, знаходзячыся ўнутры свайго аўтамабіля (аўтадома), 25 сьнежня ў Нэшвіле, штат Тэнэсі.

Тэлеканал News Channel 5 Nashville паведаміў у суботу, што 1 студзеня знаёмы Ўорнэра атрымаў пакет, адпраўлены, мяркуючы па штэмпэлі, за два дні да выбуху. У ім было сама меней дзевяць старонак аддрукаванага тэксту і дзьве флэшкі. Пакет быў перададзены ў ФБР.

На пакеце не было зваротнага адрасу, але ў лісьце зьмяшчліся спасылкі на розныя тэорыі змовы, уключаючы тэорыю пра тое, што іншаплянэцянеа ўчынялі напады на Зямлю, што азначала, што аўтарам ліста, імаверна, быў Уорнэр, паведаміў тэлеканал.

Запісы Ўорнэра таксама паказваюць на тое, што ён верыў, што рэптылоіды і людзі-яшчары кантралююць Зямлю і зьмяняюць чалавечую ДНК.

«Мы ведаем, што падазраваны адправіў некалькім знаёмым матэрыялы, у якіх адстойваў свой пункт гледжаньня», — заявіў спэцагэнт ФБР Джэйсан Пэк, заклікаўшы кожнага, хто атрымаў падобныя пакеты, зьвязацца з ФБР.

Уорнэр — адзіны чалавек, які загінуў у выніку выбуху.