3 студзеня 2021 году, у дзень, калі Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму споўнілася 75 гадоў, Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў адміністратара архідыяцэзіі, паведамляе www.vaticannews.
У афіцыйнай заяве Сьвятога Пасаду гаворыцца:
«Сьвяты Айцец прыняў адмову ад пастырскага кіраўніцтва, прадстаўленую Яго Эксцэленцыяй арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Менска-Магілёўскім, у адпаведнасьці з канонам 401 §1 Кодэксу кананічнага права, і адначасова прызначыў Апостальскім Адміністратарам sede vacante на згаданую мітрапаліцкую катэдру біскупа Казімера Велікасельца O.P., тытулярнага біскупа Бланды і дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі».
Біскуп Казімер Велікаселец сказаў Свабодзе, што пакуль не мае часу на камэнтар з нагоды свайго прызначэньня.
3 студзеня мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адзначае сваё 75-годзьдзе. У сувязі з гэтым узростам раней ён падаў заяву аб адстаўцы на імя папы Рымскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч пра вяртаньне ў Беларусь: «Пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля!» ВІДЭА24 сьнежня Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь пасьля чатырох месяцаў выгнаньня — улады абвінавацілі яго ў тым, што ён нібыта езьдзіць у Польшчу «па інструкцыі». Таксама вялася праверка, колькі сапраўды ў мітрапаліта грамадзянстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліта Кандрусевіча чакаюць у Беларусі 23 сьнежня, амаль праз чатыры месяцы забароны на ўезд на радзімуТолькі пасьля ўмяшаньня Ватыкану кіраўніцтва Беларусі дазволіла Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца на радзіму. 17 сьнедня папскі пасланец Клаўдыё Гуджэроцьці, былы нунцый у Беларусі, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьнік Папы Рымскага перадаў Лукашэнку «трывогу і заклапочанасьць» пантыфіка падзеямі ў Беларусі31 жніўня памежнікі не прапусьцілі архібіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.
Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацый аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў зь мірных пратэстоўцаў і заклікаў яго спыніць.
Што важна яшчэ ведаць пра Тадэвуша Кандрусевіча
Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Кандрусевіча Мітрапалітам Менска-Магілёўскім 21 верасьня 2007 г., перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. З чэрвеня 2015 г. герарх зьяўляецца Старшынёй Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён быў першым герархам Касьцёла ў Беларусі пасьля часоў камуністычнага перасьледу: 25 ліпеня 1989 г. Ян Павел ІІ прызначыў Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Менскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскае пасьвячэньне, якое прайшло 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы сьвятога. Пятра ў Рыме, узначаліў яго сам Пантыфік.
Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі ярарх заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную сэмінарыю, спрыяў вяртаньню і адкрыцьцю каля 100 раней зачыненых касьцёлаў, прычыніўся да выданьня літургічнай літаратуры, распачаўшы такім чынам справу адраджэньня Касьцёла, працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Сьвёнткам.