Афіцыйныя навагоднія сьвяткаваньні пройдуць у 19 месцах Менску

  • БелаПАН

Калядная ялінка ў Менску з палітычнымі лёзунгамі, 26 сьнежня

Гэтай ноччу міліцыя будзе несьці службу ва ўзмоцненым рэжыме, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

У месцах правядзеньня сьвяточных гуляньняў зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў заплянавалі арганізацыю прапускнога рэжыму. «Улічваючы, што ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у гуляньнях толькі пасьля асабістага надгляду і надгляду рэчаў, для камфортнага адпачынку лепш прыходзіць на сьвята загадзя», — сказала Чамаданава.

Паводле яе, да месцаў масавых мерапрыемстваў ня будуць дапускацца асобы ў стане ап’яненьня, а таксама тыя, хто мае пры сабе алькагольныя напоі, шыльныя и лязовыя прадметы, грувасткія рэчы. Жывёлаў таксама лепш пакінуць дома, дадала прэс-сакратарка. Паблізу сьвяточных пляцовак і на прылеглых вуліцах будуць абмежаваныя месцы для паркоўкі транспартных сродкаў.

Апоўначы на Кастрычніцкай плошчы пачнецца «Зімовы канцэрт», які будзе доўжыцца тры гадзіны. «Гэта эстрадна-музычнае тэатралізаванае шоў — маштабнае, складанатэхнічнае відовішча з насычаным відэакантэнтам і пнэўматычнымі эфэктамі, якое падорыць шмат эмоцый гледачам», — расказаў журналістам намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Аляксандар Шастакоў. «Зімовы канцэрт» таксама пакажуць 1 і 2 студзеня з 18:00 да 21:00.

Сёлета сьвяточны фаервэрк упершыню адбудзецца ў Аляксандраўскім сквэры, ён пачнецца ў 1:30, паведаміў чыноўнік.

«Найлепшы агляд будзе з Кастрычніцкай плошчы і праспэкта Незалежнасьці, бо агнявы пункт разьмешчаны ў Аляксандраўскім сквэры», — адзначыў Шастакоў.

Раённыя паказы і кірмашы пройдуць у 19 месцах гораду.

  • У Заводзкім раёне яны будуць арганізаваныя перад спарткомплексам «Чыжоўка-Арэна».
  • У Ленінскім раёне — перад кінатэатрам «Салют».
  • Жыхары Маскоўскага раёну змогуць сабрацца ў парку імя Паўлава, у сквэры Палянка на вуліцы Карла Лібкнехта і ў мікрараёне Брылевічы.
  • У Кастрычніцкім раёне афіцыйныя гуляньні пройдуць на плошчы перад Палацам чыгуначнікаў, у жылым раёне Сокал і ў ГЦ па вуліцы Асаналіева, 44.
  • У Партызанскім — у парку экстрэмальных відаў спорту на вуліцы Сталетава і на пляцоўцы каля самалёта на вуліцы Карвата.
  • Жыхары Першамайскага раёну змогуць сабрацца ля Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама на вуліцах Русіянава, Фогеля і Герояў 120-й дывізіі.
  • У Савецкім раёне сьвяткаваньне будзе арганізаванае на плошчы перад Камароўскім рынкам.
  • У Фрунзэнскім раёне — перад Менскім лядовым палацам спорту і ў парку Уга Чавэса.
  • Для жыхароў Цэнтральнага раёну сьвяточная пляцоўка арганізаваная ля гарадзкога Палаца дзяцей і моладзі.
  • Каля Палаца спорту ўвечары 31 сьнежня традыцыйна адкрыецца Калядны кірмаш.

Усе тры лініі мэтро ў навагоднюю ноч будуць працаваць да трох гадзін, а станцыі «Няміга», «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» (выхад да праспэкта Незалежнасьці) зачыняцца на ўваход у 3 гадзіны 15 хвілін. Інтэрвал руху цягнікоў складзе: на першай і другой лініях — 6 хвілін, на трэцяй — 10. 1 студзеня мэтро пачне працу, як звычайна, у 5 гадзін 30 хвілін.

Наземны транспарт (26 аўтобусных маршрутаў, восем тралейбусных, тры трамвайныя і адзін прыгарадны) будзе працаваць да чатырох гадзін раніцы. Інтэрвал руху складзе ад 12 хвілін да гадзіны.