Згодна з дакумэнтам, які выдала эпархія за подпісам архіяпіскапа Гомельскага і Жлобінскага, Уладзімер Драбышэўскі не падаў ва ўстаноўленыя тэрміны прашэньне, каб працягнуць тэрмін па-за штатам або каб вярнуцца ў клер Гомельскай эпархіі. Пра гэта сьвятар напісаў у Фэйсбуку.
Улетку айца Ўладзімера звольнілі. Сам ён удакладніў, што звольнены толькі па сьвецкім Працоўным кодэксе, ніякіх царкоўных судоў над ім не было. Сану яго не пазбаўлялі.
Сьвятар Уладзімер Драбышэўскі адбываў адміністрацыйныя арышты за ўдзел у пратэстах супраць улады Лукашэнкі. Восеньню сям’я Драбышэўскіх зьехала з краіны з прычыны перасьледу ўладаў.
Уладзімер Драбышэўскі ўвосень таксама зьехаў зь Беларусі. У інтэрвію Свабодзе ён назваў такое рашэньне эпархіі зьдзейсьненым «у парадыгме РПЦ».
«Гледзячы па ўсім, яны пайшлі па мяккім сцэнары — ня сталі пазбаўляць сану. Таму што тады трэба будзе прыдумляць — за што. За мітынгі? Значыць — самім падымаць гэтую тэму і прызнаваць сваю праўладную пазыцыю. На гэта ім (царкоўнаму кіраўніцтву) ісьці ня хочацца. Прыдумляць яшчэ нешта? Дык няма адкуль. Не з майго ж Facebook „шыць“ мне сьвятатацтвы ці яшчэ нешта. Таму, хутчэй за ўсё, так па-за штатам і пакінуць», — сказаў сьвятар.
Ён ня бачыць сэнсу ў абскарджваньні рашэньня эпархіі.
«Я сьвятар, ім застаюся і зьбіраюся служыць», — падкрэсьліў Уладзімер Драбышэўскі. Ён дадаў, што герархі «самі не разумеюць, якую вялізную яму вырылі царкоўнай рэпутацыі і працягваюць яе паглыбляць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўнага сьвятара з Гомля не адпусьцілі з ізалятару, прысудзілі яшчэ 15 дзён арышту