20-гадовы Віктар Акцістаў — студэнт 4 курсу Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасьці. Яго асудзілі па крымінальным артыкуле 364 «гвалт у дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Затрымалі Акцістава 10 жніўня. У той вечар студэнт хацеў адбіць ад затрыманьня незнаёмага хлопца каля гатэля «Юбілейны». Пацярпелым па справе прызналі амапаўца, чые анкетныя дадзеныя ў судзе зьмянілі «ў мэтах бясьпекі». Аб гэтым асабіста прасіў начальнік Менскага АМАПу Дзьмітры Балаба.
Пры гэтым у справе значылася, што ад дзеяньняў студэнта амапавец атрымаў лёгкія ранкі і драпіны на лобе, а свае маральныя пакуты ён ацаніў у 2000 рублёў. Сам амапавец сказаў, што ад удараў студэнта яму было «непрыемна». 21 верасьня Акцістава зьмясьцілі пад арышт, з таго моманту ён знаходзіўся ў зьняволеньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амапавец адсудзіў у «Нашай Нівы» 1500 рублёў. Газэта просіць дапамогіСудзьдзя Марына Запасьнік прызнала хлопца вінаватым і вынесла вырак — 2,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Такое пакараньне прасіў і прадстаўнік абвінавачаньня — старшы памочнік пракурора раёну Аляксандар Рамановіч.
Студэнт растлумачыў, што быў у курсе таго, што адбылося ў ноч з 9 на 10 жніўня, і, баючыся за далейшы лёс затрыманага, нанёс адзін удар амапаўцу па галаве, спрабаваў схапіць і спыніць супрацоўніка, пасьля чаго нанёс яшчэ два ўдары па галаве. Паводле словаў амапаўца, Акцістаў памыліўся ў сваіх паказаньнях, бо ён затрымліваў дзяўчыну зь вельмі кароткай стрыжкай, а не мужчыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука, які адбіваў пратэстоўца ад апамаўцаў, асудзілі на 4 гады зьняволеньня