«Мы спыняем супрацу з тымі праўладнымі саюзамі пісьменьнікаў зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. З усімі іншымі пісьменьнікамі з гэтых краін, якія не падтрымліваюць уладу і палітыку Пуціна ды Лукашэнкі, мы будзем супрацоўнічаць і кантактаваць», — паведаміў Свабодзе кіраўнік прэсавага цэнтру Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны Вячаслаў Гук.
Згодна з рашэньнем сакратарыяту арганізацыі, цяпер пісьменьнікі з праўладных саюзаў тых краін, якія ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях галасуюць супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, ня змогуць друкаваць свае творы ў выданьнях Саюза пісьменьнікаў Украіны. У той жа час дапускаецца выключэньне для твораў памерлых клясыкаў, а таксама тых сучасных пісьменьнікаў гэтых краін, якія публічна падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і асуджаюць агрэсію Расеі супраць Украіны.
Нацыянальны саюз пісьменьнікаў Украіны таксама адмовіўся ад правядзеньня супольных акцый (творчых вечароў, круглых сталоў, канфэрэнцый і г. д.) з дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі 17 краін, а таксама забараніў усім сваім сябрам удзельнічаць у якіх-небудзь літаратурна-мастацкіх імпрэзах, ініцыяваных іхнымі прадстаўнікамі.
Нацыянальны саюз пісьменьнікаў Украіны паінфармаваў аб сваім рашэньні ўсе галіновыя дзяржаўныя органы кіраваньня, якія адказваюць за правядзеньне культурнай і замежнай палітыкі.
У пералік краін, зь якімі ўкраінскія пісьменьнікі спынілі супрацу, уключаны
- Армэнія,
- Беларусь,
- Вэнэсуэла,
- Зымбабвэ,
- Іран,
- Камбоджа,
- Кіргізстан,
- Кітай,
- КНДР,
- Куба,
- Лаос,
- М’янма,
- Нікарагуа,
- Расея,
- Судан,
- Сырыя,
- Сэрбія.