Рэжысэры Паўло Ар’е і Тамара Трунова разам з акторамі рэалізавалі гэтую пастаноўку на ініцыятыву арганізацыі Free Belarus Center, створанай ва Ўкраіне для дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад гвалту міліцыі і вымушаныя былі зьяжджаць зь Беларусі ад перасьледу.
«Гэта дакумэнтальны тэатральны пэрформанс. Мы ўсе станем сьведкамі дакумэнтальнага тэатру», — сказаў Паўло Арʼе пра гэты праект.
Для чытаньня на сцэне былі выбраныя сьведчаньні зь «Белай кнігі правасудзьдзя», створанай у супрацы Беларускага Прэс-клюбу, незалежных СМІ, Беларускай асацыяцыі журналістаў і праваабарончых арганізацый. Частка матэрыялу была прысьвечаная затрыманьню прадстаўнікоў Беларускага прэс-клюбу.
Перад чытаньнем на сцэне шэраг актораў выйшлі са сваімі «сьведчаньнямі» на вуліцы Кіева і прапанавалі звычайным украінцам іх пачытаць, каб адказаць на пытаньне — ці маглі быць рэальнымі такія гісторыі. Найчайсьцей грамадзяне Ўкраіны адказвалі, што хутчэй за ўсё гэта падзеі або ў акупаваным Данецку, або ў Беларусі.
У сувязі з эпідэміяй каранавірусу тэатар вымушаны быў абмежаваць колькасьць гледачоў, але ўжо за некалькі дзень да прэм’еры ўсе месцы былі забраняваныя. Тэатар і Free Belarus Center вялі жывую трансьляцыю пастаноўкі.
Акторы прачыталі сьведчаньні маці 17-гадовага Цімура М., які 12 жніўня быў зьбіты так, што спатрэбілася штучная кома. У верасьні, празь паўтара месяца пасьля гэтых падзеяў яна памерла. Гледачы таксама даведаліся аб гісторыі затрыманьня лекараў Вітушак, аб загінулым гамельчуку Аляксандры Віхоры і іншыя сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-сьнежні 2020 году.
На акторскія чытаньні, якія адбываліся па-ўкраінску, прыйшлі шмат беларусаў, якія знаходзяцца ў Кіеве ў вымушанай эміграцыі.
Тэатар драмы і камэдыі на Левым беразе мае даўнія дачыненьні зь Беларусьсю. Апошнія некалькі гадоў менавіта на гэтай сцэне ставілі свае спэктаклі беларускія рэжысэры Дзьмітры Багаслаўскі і Яўген Карняг, а ўкраінскія — у тэатры беларускай драматургіі ў Менску.