Ці зьбіраецца Лукашэнка праз «Усебеларускі сход» зьмяніць Канстытуцыю? Ці зможа і ці захоча Расея прымусіць Лукашэнку выканаць сочынскія абяцаньні? Ці скончылася беларуская рэвалюцыя?
На гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» адказваюць палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Вадзім Мажэйка.
Карбалевіч
- Лукашэнка вельмі хутка мяняе сваю пазыцыю. Некалькі тыдняў таму ён казаў, што «Ўсебеларускаму народнаму сходу» (УНС) трэба надаць канстытуцыйны статус.
- На апошняй нарадзе, прысьвечанай правядзеньню сходу, ён не прыгадаў ні пра яго канстытуцыйны статус, ні пра зьмены ў Канстытуцыю наагул.
- Праект канстытуцыйнай рэформы спускаецца на тармазах. Яна сёлета зьявілася хутчэй з падачы Масквы.
- Яна адыгрывала ролю нейкага кампрамісу з грамадзтвам, так яна трактавалася дзяржаўнымі СМІ.
- Лукашэнка пагадзіўся на рэформу пад ціскам пратэстаў і Расеі.
- Цяпер ён палічыў, што пратэст ён здушыў. Таму ён мяркуе, што канстытуцыйная рэформа яму цяпер непатрэбная.
- Лукашэнка ўпэўнены, што ён перамог.
- Аб’ектыўна казаць пра яго перамогу не выпадае, палітычны крызіс не пераадолены.
- Яго ўлада цяпер трымаецца толькі на грубай сіле.
- Гэта не задавальняе ня толькі грамадзтва, але і апарат улады.
- Вельмі паказальнае інтэрвію Шакуціна «Нашай Ніве», ён у роспачы. Прыдворны бізнэс таксама хацеў бы даведацца, што рабіць, але Лукашэнка на гэта не адказвае.
- Для мяне паказьнікам пазыцыі Расеі было рашэньне ўраду РФ выдзеліць абяцаны раней крэдыт.
- Пуцін сьцярпеў, што Лукашэнка яго чарговым разам падмануў.
- У Крамлі ня хочуць, каб Лукашэнка быў адхілены ад улады пад ціскам вуліцы.
- Расея разглядае беларускае пытаньне ў кантэксьце супрацьстаяньня з Захадам.
Мажэйка
- Гэта стыль Лукашэнкі — не саступаць са сваёй пазыцыі, таргавацца да апошняга.
- Тое, што ён абвяшчае цяпер, можа быць зьменена празь некалькі тыдняў.
- Ён жа не сказаў цяпер, што «Ўсебеларускі сход» ня будзе абмяркоўваць Канстытуцыю.
- Аўтарытарныя лідэры ідуць на транзыт улады, калі яны моцныя, калі ў іх усё пад кантролем, як гэта нядаўна зрабіў Нурсултан Назарбаеў.
- Мяняць Канстытуцыю — гэта быў прымус з боку грамадзтва і Расеі.
- «Усебеларускі народны сход» — яшчэ больш псэўдадэмакратычная форма, чым існы парлямэнт, значна больш зручны для Лукашэнкі.
- Цяпер склалася патавая сытуацыя, цяпер ні Лукашэнка, ні пратэст ня могуць перамагчы.
- Лукашэнка застаецца ва ўладзе, але цалкам здушыць пратэст ён ня можа.
- Памылкі Лукашэнкі — гэта найлепшае, што было ў беларускага пратэсту ў 2020 годзе.
- Расейскі крэдыт — ён на падтрымку расейскіх прадпрыемстваў, на выплату ім даўгоў. Праблемы беларускай эканомікі ён ніяк не вырашае.
- Улада скасоўвае ковідныя выплаты мэдыкам, вядзе размовы пра падвышэньне падаткаў, у тым ліку і для ІТ-сфэры, пра скарачэньне дэкрэтных адпачынкаў.
- Расея гэтыя праблемы Лукашэнку вырашаць не дапамагае.
- Расея ня мае ў Беларусі нікога, з кім яна магла б гуляць. Таму Расея зацікаўленая, каб Лукашэнка страціў уладу, але не цяпер, а пазьней, калі Расея знойдзе сабе палітычную падтрымку ў Беларусі.