Прыкладна з 11-й гадзіны ў Віцебску нерухома стаяць трамваі. Абледзянеў дрот, з дапамогай якога яны рухаюцца; ламаюцца дрэвы на шляху праезду. У горадзе захоўваецца нестабільнае надвор’е з дажджамі і маразамі, ад якога рух трамваяў і бясьпека пасажыраў пад пагрозай.
У Магілёве сёньня моцны галалёд. У самім горадзе і рэгіёне абвешчаны найвышэйшы чырвоны ўзровень небясьпекі. Таксама ад ападкаў і перамены тэмпэратуры ў Магілёве ў панядзелак не працавалі тралейбусы. Расчыстка кантактнай лініі раніцай не дала належнага плёну, ад чаго аўтапарк пусьціў па звыклых тралейбусных маршрутах аўтобусы, каб дапамагчы людзям дабрацца да месцаў працы і вучобы.
У Гомлі таксама тралейбусы ня ходзяць, яны стаяць на вуліцы 8 Сакавіка, Палескай, праспэкце Перамогі, на іншых прыпынках грамадзкага транспарту з прычыны наледзі на кантактнай сетцы.
На мінулым тыдні адбылося яшчэ адно здарэньне з транспартам. У Менску 24 сьнежня з рэек на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці з вуліцай Машэрава сышоў трамвай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі павысілі тарыфы на праезд цягніком і паслугі вакзалаў