Лепшы за трактар і лазьню? Прэзыдэнт Туркмэністану даручыў праверыць новы сродак супраць каранавірусу

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў выказаў здагадку, што корань лякрычніку (Glycyrrhíza) можа быць эфэктыўным у барацьбе з каранавірусам.

Як паведаміла дзяржаўная тэлевізія Туркмэністану, Бердымухамедаў расказаў пра карысьць гэтага кораню, выступаючы на пасяджэньні ўраду 25 сьнежня.

Бердымухамедаў паведаміў, што чатыры з 15 відаў лякрычніку растуць на тэрыторыі Туркмэністану. Ён адзначыў высокую колькаcьць у корані гэтай расьліны гліцэррызінавай кіслаты і даручыў Акадэміі навук краіны «старанна вывучыць» і іншыя карысныя ўласьцівасьці кораню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Туркмэністане закрываюць публічныя прасторы на карантын. Каранавірусу ў краіне афіцыйна няма

Нягледзячы на сьведчаньні пра вялікую колькасьць захварэлых з сымптомамі каранавірусу і пра беспрэцэдэнтны ўзровень сьмяротнасьці ў краіне, кіраўніцтва Туркмэністану дагэтуль не пацьвердзіла фактаў заражэньня COVID-19 на сваёй тэрыторыі. Пры гэтым Туркмэністан плянуе закупіць расейскую вакцыну ад каранавірусу.

Аўтар шматтамовіка «Лекавыя расьліны Туркмэністану» Гурбангулы Бердымухамедаў у сакавіку заявіў пра карысьць дыму гармалы, саксаулу, а таксама локшыны зь перцам у якасьці прафіляктыкі каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі

Увесну Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў свае варыянты прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі — сярод іх былі трактар, алькаголь, тлустая ежа і лазьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Труціць вірус гарэлкай, а «трактар вылечыць усіх». ВІДЭА