Як паведамілі Свабодзе ў Нацыянальным банку Ўкраіны, такое рашэньне 24 сьнежня ўхваліў камітэт па наглядзе і рэгуляваньні банкаўскай дзейнасьці Нацбанку Ўкраіны.
Як патлумачылі ў Нацбанку Ўкраіны, адмова ў магчымасьці набыць банк зьвязаная з увядзеньнем супраць Мікалая Вараб’я санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу.
«Згодна з патрабаваньнямі нарматыўных актаў Нацбанку, прымяненьне санкцый зьяўляецца падставай для страты яго бездакорнай дзелавой рэпутацыі на працягу тэрміну дзеяньня санкцый і праз тры гады пасьля іх скасаваньня», — адзначылі ў галоўным банку Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «БТА Банк» ва Ўкраіне хоча купіць набліжаны да Лукашэнкі і Пуціна бізнэсовецАпроч таго, Мікалай Варабей не падаў дастатковай колькасьці дакумэнтаў і інфармацыі, каб пацьвердзіць адпаведнасьць свайго фінансавага стану патрабаваньням заканадаўства Ўкраіны.
Украінскі «БТА Банк» заснаваны ў 1992 годзе на інвэстыцыі аднайменнага казахстанскага банку, якім валодаў Кенэс Ракішаў. Ён валодаў таксама кантрольным пакетам акцый украінскага банку. Паводле інфармацыі Нацыянальнага банку Ўкраіны, на 1 кастрычніка гэты банк займаў 71-е месца паводле аб’ёмаў актываў сярод 74 фінансавых установаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны.
Паводле Forbes, сёлета Кенэс Ракішаў заняў шостае месца ў рэйтынгу 50 найбольш заможных бізнэсоўцаў Казахстану. Ацэнка ягоных актываў на кастрычнік — 890 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «беларускага алігарха» Вараб’я, які нібыта пастаўляе расейскі вугаль ва Ўкраіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сталі ўласьнікамі ўкраінскай трубы, якая пампуе расейскае паліва ў Эўразьвяз