«Расеі ўдалося пранікнуць у беларускія эліты, эканоміку, грамадзтва і палітыку, а таксама ў апарат бясьпекі і ўзброеныя сілы краіны настолькі глыбока, што наўрад ці варта чакаць прынцыповых зьменаў у сытуацыі, нават калі ў нейкі момант Лукашэнку павінен будзе замяніць іншы лідэр», — сказаў Дзьмітро Кулеба ў інтэрвію нямецкаму выданьню Internationale Politik, адказваючы на пытаньне, ці разьлічвае Ўкраіна на посьпех дэмакратычнага руху ў Беларусі, які павядзе краіну іншым шляхам.
Дзьмітро Кулеба перакананы, што «ўплыў Эўразьвязу і іншых частак Захаду на разьвіцьцё падзей у Беларусі, на жаль, надзвычай абмежаваны».
«У любым выпадку, я ня бачу, як Беларусь можа разьвівацца ў больш празаходнім кірунку ў агляднай будучыні», — дадаў украінскі міністар.
Украіна, як і краіны ЭЗ, не прызнала легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, прыпыніўшы са жніўня ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам. У верасьні стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скасаваў свой візыт у Беларусь для ўдзелу ў трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль бяз санкцыяў. Міністар замежных справаў Украіны пра палітыку ў дачыненьні да БеларусіПасьля ўвядзеньня Эўразьвязам першых санкцый у дачыненьні да Беларусі Дзьмітры Кулеба заявіў, што Ўкраіна далучыцца да іх, але эканамічную супрацу будзе працягваць. Аднак дагэтуль Украіна ня вызначылася, да якіх санкцый будзе далучацца, і адпаведна — не правяла неабходных для ўвядзеньня ўнутрыдзяржаўных працэдур. Згодна з украінскім заканадаўствам, рашэньне аб санкцыях прымае Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны. Яно набывае моц пасьля выданьня адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы.