Стваральніцу беларускага «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу, паведаміла яе дачка Аляксандра ў Фэйсбуку.
Санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў абмежаваньня волі. Юлію Слуцкую будуць трымаць пад вартай сама меней да 22 лютага.
Такое ж абвінавачваньне выставілі фінансаваму дырэктару «Прэс-клюбу» Сяргею Альшэўскаму, праграмнаму дырэктару Але Шарко, апэратарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму, паведаміў Tut.by адвакат Антон Гашынскі. Яны застаюцца ў СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску.
Як пазьней паведаміла Каардынацыйная рада, супраць затрыманай былой журналістцы БТ Ксеніі Луцкінай, якая ўваходзіць у асноўны склад рады, вылучылі абвінавачаньні паводле таго ж артыкулу, а таксама паводле часткі 6 артыкулу 16 Крымінальнага кодэксу (пасобніцтва ў злачынстве).
Яшчэ пазьней стала вядома, што дырэктара «Акадэміі Прэс-клюбу», грамадзяніна Расеі Сяргея Якупава, вызвалілі са сьледчага ізалятару і выслалі ў Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніка «Акадэміі Прэс-клюбу» вызвалілі і выслалі ў РасеюСупрацоўнікаў «Прэс-клюбу» ўзялі пад варту 22 сьнежня. Перад гэтым у іхных кватэрах і ў офісе прайшлі ператрусы ці агляды.
Як раней паведамляла прэс-служба Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, у дачыненьні да супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» праводзіцца праверка па фактах парушэньняў падатковага заканадаўства. Крымінальную справу перадалі ў Сьледчы камітэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы і журналісцкія арганізацыі пачалі міжнародную кампанію дзеля вызваленьня супрацоўнікаў «Прэс-клюбу»Што такое «Прэс-клюб»
- «Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
- «Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
- «Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».