Як паведамляе «Брэсцкая газета», Андрэя Прыстаўку затрымалі 24 сьнежня, калі ён выйшаў на адзіночны пікет са штандарам (бел-чырвона-белы сьцяг з гербам «Пагоня») і стаў насупраць аддзяленьня міліцыі ў мікрараёне Паўднёвы. Два дні ён правёў у ІЧУ, потым адбыўся суд і справу накіравалі на дапрацоўку.
Раніцай 28 сьнежня Прыстаўку зноў затрымалі і адвезьлі ў суд, які пакараў мужчыну 15 днямі адміністрацыйнага арышту. Пры гэтым судзьдзя пастанавіў зьнішчыць сьцяг.
Прафэсіяй Андрэй Прыстаўка — інжынэр-праграміст. Упершыню пратэставаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2011 годзе, калі выйшаў на маўклівую акцыю. Тады берасьцеец упершыню апынуўся ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасьця. Пасьля гэтага была шматгадовая паўза, але ў 2020-м пасьля затрыманьня Сяргея Ціханоўскага з паплечнікамі Прыстаўка пачаў удзельнічаць у пратэстах зноў, але да гэтага пайшоў валянтэрам у штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.
У кастрычніку, выйшаўшы з ІЧУ пасьля 15 дзён арышту, Прыстаўка пафарбаваў валасы і бараду ў колеры нацыянальнага сьцяга і з таго часу ходзіць менавіта так.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці сотні людзі прыйшлі на разьвітаньне з памерлым удзельнікам пратэстаў Раманам Рашэцкім. ФОТА