Прэм’ер Беларусі: «Да канца году ўсе кантракты аб пастаўках нафты ў Беларусь будуць падпісаныя»

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка

Да канца году ўсе кантракты аб пастаўках нафты ў Беларусь будуць падпісаныя, заявіў прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка ў этэры тэлеканалу «Беларусь-1» у нядзелю.

«Мы дамовіліся з урадам Расеі, што ня трэба ўсё „складаць пад ялінку“. Аб пастаўках нафты ў Беларусь ідзе працэс падпісаньня кантрактаў з пастаўшчыкамі, з шэрагам буйных пастаўшчыкоў ўжо падпісалі пагадненьні аб пастаўках нафты трубаправодным транспартам у наступным годзе. З часткай яшчэ ідуць ўзгадненьні асобных умоваў. Я ўпэўнены, што да канца году абсалютна ўсе кантракты на пастаўку нафты ў Рэспубліку Беларусь будуць падпісаныя», — падкрэсьліў Галоўчанка.

Паводле прэм’ера, «сёлета нейкага напалу, напружанасьці няма».

«Абсалютна плянава пытаньні вырашаюцца», — падкрэсьліў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Беларусь узгаднілі ўмовы пастаўкі нафты ў 2021 годзе, падатковы манэўр улічаны ня будзе

Кажучы аб чаканых аб’ёмах пастаўкі нафты з Расеі ў 2021 годзе, Галоўчанка адзначыў, што яны будуць вызначацца мэтазгоднасьцю.

«Але расейскі бок гатовы паставіць пад максымальны аб’ём фактычна столькі, колькі для нас будзе выгадна перапрацоўваць. Там 18 мільёнаў тон, то будзем перапрацоўваць столькі. Будзе залежаць, вядома, ад сытуацыі на рынку», — сказаў ён.