Аналітыкі, якіх цытуе БелаПАН, адзначаюць, што Беларусь, у адрозненьне ад астатніх краін, у 2020 годзе сутыкнулася адразу з двума відамі шокаў: эканамічным і палітычным.
Экспэрты зьвяртаюць увагу на некалькі вызначальных фактараў, якія шмат у чым абумовяць эканамічны ландшафт для Беларусі ў 2021 годзе.
У прыватнасьці, гэта пандэмія. «Нягледзячы на наяўнасьць унутраных праблем, глябальны выклік застаецца важным фактарам, якія ўплывае на стан зьнешняга попыту. Ад хуткасьці аднаўленьня сусьветнай эканомікі будуць залежаць як фізычныя, так і вартасныя аб’ёмы экспарту», — адзначаецца ў аглядзе.
Акрамя гэтага экспэрты зьвяртаюць увагу на палітычны крызіс. Па іх ацэнак, «характар і дынаміка напружанасьці ў палітычнай сфэры, у тым ліку, вызначаць жорсткасьць палітыкі Нацыянальнага банку Беларусі, траекторыю беларускага рубля і інфляцыю».
Яшчэ адным вызначальным фактарам будуць адносіны з Расеяй.
«Застаючыся асноўным гандлёвым партнэрам, Масква аказвае істотную падтрымку Беларусі праз розныя прамыя і ўскосныя каналы: крэдыты, інвэстыцыі, энэргетычную субсыдыю. Чарговы віток напружанасьці здольны адправіць эканоміку Беларусі ў глыбокую рэцэсію і адкласьці посткрызіснае аднаўленьне на нявызначаны тэрмін», — падкрэсьліваецца ў аглядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19 цяжка ўдарыў па сусьветнай эканоміцы. Ці зможа яна аднавіцца ў 2021-м?У сваім базавым сцэнары на 2021 год экспэрты закладваюць паступовае аднаўленьне глябальнай эканомікі, некаторае паслабленьне палітычнай напружанасьці, захаваньне падтрымкі з боку Расеі і адмову ад эмісійнага фінансаваньня дзяржпрадпрыемстваў Беларусі.
«У гэтых умовах, якія прадугледжваюць адсутнасьць новых шокаў, Беларусь чакае анэмічны рост каля 1%», — гаворыцца ў аглядзе.
Зацьверджаны ўладамі Беларусі мэтавы сцэнар прагнозных парамэтраў на будучы год прадугледжвае рост ВУП у 2021 годзе на ўзроўні 1,8%.
Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год прадугледжваў рост ВУП на 2,8%, аднак летам, улічваючы нэгатыўны ўплыў пандэміі на эканоміку, урад паставіў новую мэта — не дапусьціць зьніжэньня ВУП у параўнанні зь мінулым годам. Між тым па выніках студзеня-лістапада ВУП зьнізіўся на 0,9%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 24 гады санкцый і «адэкватны адказ» ад беларускіх уладаў. Гісторыя санкцый і іх наступстваў