Зяленскі расказаў, калі патэлефануе Пуціну

Уладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін падчас перамоваў у «нармандзкім фармаце», 9 сьнежня 2019

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што мае намер пагаварыць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, калі сустрэча дарадцаў лідэраў краінаў «нармандзкага фармату» будзе і надалей зацягвацца

У інтэрвію выданьню «Фокус» Зяленскі заявіў, што можа патэлефанаваць Пуціну: «Ён абавязкова будзе са мной размаўляць». На пытаньне, чаму ён не патэлефанаваў, прэзыдэнт сказаў, што «няма тэмы для размовы».

«Калі затрымка з сустрэчай дарадцаў будзе працягвацца, я абавязкова буду зь ім мець зносіны. Як прэзыдэнт Украіны я павінен вырашаць зь ім усе складаныя пытаньні. І калі гэта дапаможа хутчэй спыніць вайну, мне трэба пагаварыць зь ім. Акрамя таго я лічу, што павінен быць як дыялёг у нармандзкім фармаце, так і непасрэдны дыялёг. Таму што ёсьць пытаньні, якія мы не ўздымаем у нармандзкім фармаце — гэта і пытаньне закладнікаў у Расеі ці Крыме, і пытаньне Крыму. Гэты фармат толькі пра Данбас. Таму нам трэба размаўляць зь ім глябальна тэт-а-тэт », — сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што ў сьнежні мае адбыцца сустрэча дарадцаў кіраўнікоў краінаў «нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Нямеччына, Францыя, Расея). «Гэтая сустрэча так і не адбылася. Па-першае, яны спрачаюцца. Па-другое, каранавірус, таму зараз гэтага таксама не адбудзецца», — сказаў кіраўнік Украіны.

Паводле Зяленскага, пасьля гэтай сустрэчы Ўкраіна падрыхтуе плян урэгуляваньня на Данбасе «з усімі датамі».

«Гэта цяжка, але мы рухаемся наперад. Гэта ўсё плян А», — сказаў ён. Што датычыцца «пляну Б», прэзыдэнт сказаў: «Рана казаць пра гэта, таму што гэта тонкая дыпляматыя».

Зяленскі таксама заявіў, што нават ня хоча ўяўляць сытуацыю, у якой Расея можа атакаваць Украіну з Крыму. «Будзем спадзявацца, што гэта немагчыма. Інакш будзе вялікая вайна. Мы нікуды не паедзем, усе будзем ваяваць, усіх мабілізуем — і мужчын, і жанчын. Гэта будзе дрэнна для насельніцтва Ўкраіны. І я думаю, што Расея гэта выдатна разумее», — дадаў ён.

У інтэрвію «Фокусу» Зяленскі заявіў, што ён аддаў бы перавагу таму, каб выйсьці зь менскіх пагадненьняў, але зрабіць гэтага ня можа.

«Я лічу, што мы зь менскіх дамоўленасьцяў проста так выйсьці ня можам. Таму што эўрапейцы могуць зьняць санкцыі з Расеі і прадстаўнікоў АРДЛВ (Асобныя раёны Данецкай і Луганскай вобласьцяў — назва сэпаратысцкіх рэгіёнаў Украіны ў менскіх пагадненьнях — РС). Але асабіста я б выйшаў», — сказаў прэзыдэнт Украіны.