Палітвязьню Паўлу Севярынцу 18 сьнежня працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку ягоная жонка Вольга Севярынец.
24 сьнежня яна атрымала ліст ад Паўла Севярынца, у якім ён расказаў, што пра новы тэрмін — да 20 лютага 2021 году — яму паведаміў новы сьледчы ў ягонай справе.
«Аказаўся з Круглянскага раёну (Магілёўскай вобласьці) — відаць, у Менску жадаючыя скончыліся», — адзначыў Севярынец у лісьце.
Ён ня стаў падпісваць пастанову пра працяг сьледзтва, а яшчэ і сам папярэдзіў сьледчага.
«За фабрыкацыю крымінальнай справы будзе адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам. Вы, кажу, лепш займіцеся заявамі ад мірных грамадзянаў, якіх на вуліцы зьбіваюць невядомыя ў чорным. Маўчыць. Бачу, крыжык на шыі. У Бога верыце, кажу? Бог бачыць. Тут ён уперыў у мяне „цьвёрды позірк“, ды і хвіліны ня вытрымаў, вочы апусьціў. Потым яшчэ раз, але зноў — вочы долу. Грызе, відаць, сумленьне. Няхай Госпад прабачыць», — працытавала ліст Паўла Севярынца ягоная жонка.
Яна таксама зачытала віншаваньне з Раством, якое даслаў Севярынец.
«Сёлета Госпад адкрыў па-над нашай краінай неба. Сьвятло Божае праменіць зь Беларусі па ўсім сьвеце. Цуды здараюцца штодня», — напісаў Севярынец пра 2020 год, большую частку якога правёў за кратамі.
Севярынца затрымалі 7 чэрвеня, калі ён вяртаўся дахаты пасьля пікету па зборы подпісаў на Камароўскім рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Статкевічу выставілі новае абвінавачаньне: яму пагражае да 8 гадоў турмы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 месяцаў за кратамі. Як маюцца палітвязьні са «справы Ціханоўскага»