Кабінэт міністраў Украіны дазволіў беларусам, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў беларускай улады ва Ўкраіну, знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі цягам 180 дзён за год.
Тэкст адпаведнай пастановы 24 сьнежня абнародаваны на афіцыйным сайце ўкраінскага ўраду.
Дагэтуль грамадзяне Беларусі, як і іншыя іншаземцы, мелі права знаходзіцца ва Ўкраіне без рэгістрацыі цягам 90 дзён за паўгода.
Павялічаны тэрмін знаходжаньня беларусаў на тэрыторыі Ўкраіны без рэгістрацыі будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2021 году. Гэтае выключэньне будзе дзейнічаць толькі для грамадзян Беларусі.
Такія зьмены ў правілы знаходжаньня іншаземцаў на тэрыторыі Ўкраіны ініцыявалі найбуйнейшыя праваабарончыя арганізацыі Ўкраіны. У верасьні яны заклікалі свой урад скасаваць для беларусаў абмежаваньні, якія датычаць тэрмінаў знаходжаньня замежных грамадзян на ўкраінскай тэрыторыі без атрыманьня віду на жыхарства ці статусу ўцекача.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Ўкраіны заклікалі ўрад падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў