Людміла — дачка вядомага жывапісца, народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Працуе ў стылі «арт-наіў». Яе творы — гэта міні-гісторыі штодзённага побыту звычайных людзей, яны шчодра аздобленыя гумарам і іроніяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумныя карціны на «дзень дурня»: як менская мастачка малюе каранавірус і самаізаляцыюАле 2020-ы ўнёс свае карэктывы. У першай палове году многія яе працы былі прысьвечаныя наступствам «каранавіруснага псыхозу», падчас якога ўлады фактычна кінулі людзей на самавыжываньне ва ўмовах пандэміі. Усьмешкі зьмяніліся роздумам.
А вось другая частка атрымала выразна палітычную афарбоўку — гэта час грамадзянскага абуджэньня беларусаў, змаганьня за сваю будучыню.
Сама мастачка ў размове са Свабодай кажа, што чакала «прарэджваньня» экспазыцыі цэнзарамі. Нават дзівіцца, што некаторыя ідэалягічна «крамольныя» працы ўсё ж засталіся на месцы. Напрыклад, як гэтая, што на фота ніжэй.
«Пры першым позірку многія думаюць, што гэта партрэт Ніны Багінскай, — расказвае Людміла Шчамялёва пра жанчыну зь бел-чырвона-белым сьцяжком на камізэльцы. — Насамрэч гэтая мая мама Галіна Іванаўна. Ёй 93 гады, яна пасьля інфаркту і, натуральна, далучыцца да шэсьцяў ня ў стане фізычна. Але свае кілямэтры пратэсту выхадзіла яшчэ ў 1990-х ды нулявых. Цяпер зь беларусамі ў думках. Так і сказала: «Пакуль не пераможам — не памру».
Тут жа зборны вобраз сёлетняга жаночага супраціву. Прататыпам стала вядомая ўсім экстравагантнай шлюбнай сукенкай «бел-чырвона-белая нявеста» Іна Зайцава, якая праз рэпрэсіі і перасьлед вымушаная была зьехаць зь Беларусі.
Жаночы ўнёсак увасоблены і ў іншых творах — як, напрыклад, «Чырвоныя губы». Гэтая праца вынесена на афішу да пэрсанальнай выставы. Дарэчы, дзьверы імпрэзы адчыненыя да 15 студзеня.
У «патрыятычнай» стылістыцы апошнім часам працуе і муж Людмілы Шчамялёвай, папулярны мастак Ігар Рымашэўскі. Так, ягоная «Беларуская марсэльеза» зьявілася адразу пасьля драматычных падзеяў жніўня.
Апрача палотнаў, мастак экспэрымэнтуе з каменем. Адна з працаў так і называецца — «Камень рэвалюцыі», пра супрацьстаяньне сілавікоў з уласным народам. Або — каменны жывапіс пад назвай «Свабода», з байкерамі пад нацыянальнай сымболікай.
Ігар Рымашэўскі нарадзіўся 25 лістапада 1959 году, ягоная жонка Людміла Шчамялёва зьявілася на сьвет на паўгода пазьней, яна дачка славутага мастака Леаніда Шчамялёва. Разам вучыліся ў Менскай мастацкай вучэльні.
Пасьля заканчэньня ўстановы Людміла занялася самастойнай творчасьцю, Ігар працягнуў адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Ад пачатку 1980-х іх творы пачалі экспанавацца на рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Працы мастакоў знаходзяцца ў зборах музэяў, галерэяў і ў прыватных калекцыях на ўсіх кантынэнтах.
Выстава твораў Людмілы Шчамялёвай будзе працаваць да 15 студзеня па адрасе праспэкт Незалежнасьці, 12.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Глядзець на лукашэнкаўскую Беларусь невыносна цяжка». Сілавікі і пратэстоўцы ў жывапісных гісторыях Ігара Рымашэўскага