Суд Маскоўскага раёну Менску 24 сьнежня асудзіў Ільлю Фрэня на 4 гады калёніі агульнага рэжыму за гвалт у дачыненьні да двух супрацоўнікаў АМАПу, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
На судзе Ільля Фрэнь сказаў, што многіх акалічнасьцяў здарэньня ня памятае, бо быў «на адрэналіне».
Ён расказаў, што пасварыўся з жонкай і вырашыў праехацца па горадзе. Але дарогу каля плошчы Перамогі перакрылі, і ён пайшоў пешшу.
Далучыўся да пратэстоўцаў на Зыбіцкай, уцёк ад разгону каля цырка, вярнуўся да плошчы Пермогі.
І там убачыў, як амапавец (пацярпелы Самалётаў) паваліў і пачаў біць невядомага хлопца. Самалётаў на судзе сьцьвярджаў, што затрымліваў хлопца, але ня біў яго. Побач стаяў другі амапавец (пацярпелы Астапук). Фрэнь падбег і некалькі разоў ўдарыў Астапука і Самалётава. Паводле абвінавачанага, яму здалося, што Самалётаў замахнуўся на яго дручком да таго, як ён нанёс удары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць 18-гадовых палітвязьняў перадалі ў пракуратуруТады Ільля Фрэнь уцёк, але неўзабаве яго знайшлі. Пасьля затрыманьня ён на відэакамэру прасіў прабачэньня перад сілавікамі.
Паводле экспэртызы, амапаўцы атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовы разлад здароўя.
14 ліпеня ў Менску адбыліся акцыі пратэсту супраць адмовы Цэнтарвыбаркаму зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі пачалася рэвалюцыя, якую мала хто прадказваў