47 дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту накіравалі ліст прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі хакею на лёдзе (IIHF) Рэнэ Фазэлю, у якім нагадалі яму пра каштоўнасьці IIHF і запатрабавалі адклікаць чэмпіянат IIHF 2021 году зь Беларусі.
Чальцы ЭП нагадалі, што Міжнародная фэдэрацыя хакею на лёдзе вызначае прыстойнасьць як «якасьць быць сумленным і мець моцныя маральныя прынцыпы, якія вы адмаўляецеся мяняць».
«Аляксандар Лукашэнка, жорсткі дыктатар і самаабвешчаны аматар хакею, ідзе насуперак усім маральным прынцыпам, якімі даражыць ваша фэдэрацыя і праўдзівы дух спартыўнага майстэрства», — гаворыцца ў лісьце.
«І на вашай фэдэрацыі ляжыць адказнасьць прытрымлівацца ўласных прынцыпаў, не ўзаконьваць жорсткасьць і сачыць за тым, каб Чэмпіянат сьвету па хакеі з шайбай 2021 году не праводзіўся ў Беларусі Лукашэнкі і ня быў перанесены ў Расею, якая застаецца адзінай крыніцай легітымнасьці Лукашэнкі», — пішуць у сваім лісьце эўрадэпутаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фонд спартовай салідарнасьці пачаў кампанію байкоту менскай часткі чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году